Набліжаецца Вялікдзень. Праваслаўныя святкуюць уваход Ісуса ў Іерусалім


Вербная нядзеля (адзначаецца ў гонар уваходу Ісуса ў Іерусалім) папярэднічае Перадвелікоднаму тыдню.

Сёння ў цэрквах асвячаюць вербы (яны замяняюць пальмавыя галінкі, якімі сустракалі Ісуса Хрыста). У беларускіх вёсках галінкамі вярбы, якія пасля Вербнай нядзелі доўга захоўвалі ў хаце, выганялі першы раз пасвіцца жывёлу. Некаторыя ўпрыгожваюць вербачкамі дом і часамі кладуць на магілы блізкіх людзей.

Вялікдзень (на іўрыце. ‏פֶּסַח‏‎‎‎, у ашкеназскім вымаўленні – Пэйсах / Пайсах; у арамейскім. פִּסְחָא, Пісха, літар. «мінуў, абышоў») – галоўнае юдэйскае свята ў памяць пра Зыход з Егіпту (раней свята земляробаў і жывёлагадоўцаў). Паводле Торы (Зыход 12:22,23), Бог загадаў габрэям закалоць цялятак, засмажыць іх мяса, а іх крывёю пазначыць дзвярныя вушакі. У ноч 14 нісана (у габрэйскім календары першы месяц біблейскага і сёмы грамадзянскага года) Бог «прайшоў міма» (Пэсах) дамоў габрэяў, і яны выратаваліся, а ў астатніх хатах памерлі ўсе малыя дзеці.

У хрысціянскай традыцыі Вялікдзень – галоўная падзея царкоўнага календара, адно з самых старажытных хрысціянскіх святаў, якое адзначалася яшчэ ў часы апосталаў – у гонар уваскрашэння Ісуса Хрыста.

Евангелле ад Мацвея (урачысты ўезд Ісуса ў Іерусалім)

Калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Вітфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх».

І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам: «Скажыце дачцэ Сіёна: вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці, сыне пад’ярэмнай». Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх. І мноства людзей слала свае плашчы на дарозе, а іншыя зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе.

А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «асанна Сыну Давіда! Багаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! асанна на вышынях!».

Калі Ён увайшоў у Іерусалім, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?». А народ адказваў: «Гэта прарок Ісус з Назарэту Галілейскага». І ўвайшоў Ісус у святыню, і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў. Ён сказаў ім: «Напісана: «Дом Мой назавецца домам малітвы», а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары