На журналістаў-фрылансераў Ларысу Шчыракову і Кастуся Жукоўскага склалі адміністратыўныя пратаколы


Гомельскі РАУС хоча павесіць на яе парушэнне арт. 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў.

Яшчэ 24 снежня капітан міліцыі Цітоў склаў на Ларысу Шчыракову адпаведны пратакол. Паводле дакументу, які журналістка атрымала поштай, журналістку вінавацяць у вырабе сюжэту пра пагрозу высялення сіраты Віктара Янчанкі з пасёлку Урыцкае. Матэрыял быў паказаны на «Белсаце».

Яшчэ адзін пратакол на журналістку хочуць скласці ў светлагорскім РАУС, паведаміла Ларыса Шчыракова нашаму тэлеканалу.

«Нічога канкрэтнага яны не сказалі, толькі што мае відэаматэрыялы былі выкарыстаныя ў рэпартажы, падрыхтаваным да Дня інвалідаў 3 снежня. Сказалі прыехаць да іх, я адмовілася, сказаўшы, што не маю грошай. Прапанавала даслаць позву поштай. Пагадзіліся».

Гэта пяты і, верагодна, шосты пратакол на Ларысу Шчыракову: апошнія чатыры былі складзены за працу без акрэдытацыі, адзін з якіх за ўдзел у пікеце, які асвятляла журналістка. Агульны штраф, які заплаціла фрылансер дзяржаве – 8 мільёнаў рублёў за «працу без акрэдытацыі» і 900 тысяч за «удзел у пікеце».

Аналагічны адміністратыўны пратакол сёння склалі і на іншага гомельскага журналістка –Кастуся Жукоўскага.

«Маёр міліцыі Паўловіч Уладзімір Мікалаевіч указаў загадзя хлуслівыя звесткі, яшчэ пры размове з ім па тэлефоне я сказаў яму, што зʼяўляюся індывідуальным прадпрымальнікам, мая пасада – журналіст, то бок распаўсюд інфармацыі і я працую цалкам у межах закону», – сказаў журналіст.

Міліцыянт з Калінкавічаў сведчыць, што Жукоўскі – працаўнік замежных медыяў ды дзеяў незаконна, калі асвятляў канфлікт паміж міліцыяй і футбольнымі заўзятарамі праз выкарыстанне тымі гістарычных нацыянальных сімвалаў. Журналіст жа лічыць складанне пратаколу помстаю за актыўную рэпарцёрскую дзейнасць. Бо ён неаднаразова асвятляў падзеі, якія ігнаруюцца заангажаванымі дзяржаўнымі медыямі.

Напрыканцы 2015 года на Кастуся Жукоўскага ўжо складалі адміністрацыйны пратакол за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» за апытанне жыхароў Кармы.

Агулам у 2015 годзе па артыкуле 22.9 КаАП незалежных журналістаў у Беларусі штрафавалі 28 разоў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў