На журналістаў «Белсату» склалі пратаколы за рэпартаж пра закрыццё менскай школы


Участковы Заводскім РАУСе Менска на журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука склалі пратаколы за працу без акрэдытацыі.

Сёння раніцай журналістцы «Белсату» Любові Лунёвай патэлефанаваў участковы і паведаміў, што на яе складзены пратакол паводле артыкулу 22.9 КаАП Беларусі – журналісцкая праца без акрэдытацыі. Нагодай стаў сюжэт пра закрыццё школы ў Шабанах.

«Ён запытаў мяне, хто з аператараў здымаў сюжэт са мной. Я сказала, што не памятаю. І тады ён сказаў, што гэта быў Зміцер Краўчук. У міліцыянта былі ўсе нашыя звесткі», – кажа Любой Лунёва.

Паводле журналісткі, судовае разбіральніцтва паводле гэтае справе адбудзецца праз два тыдні. Ёй пагражае штраф ад Br 460.

За тры тыдні да пачатку навучальнага года вучні школы № 210, якая лічыцца найлепшай у Заводскім раёне сталіцы, даведаліся, што вучыцца ім давядзецца ў іншых навучальных установах. На пачатку жніўня туды адправілася здымачная група «Белсату».

Падчас здымкаў інтэрв’ю нашаму каналу дала кіраўніца раённага аддзелу адукацыі.

Журналісты мяркуюць, што менавіта запіс словаў чыноўніцы і стаў нагодаю для разбіральніцтва.

Цягам апошніх дзён журналісты-фрылансеры атрымалі сем адміністрацыйных пратаколаў: Кастусь Жукоўскі – з Жлобінскага, Добрушскага і Гомельскага райаддзелаў міліцыі, Марына Драбышэўская – два з Чыгуначнага, Ларыса Шчыракова – з Савецкага і Чыгуначнага РАУСаў Гомля.

ДД

Глядзі таксама
Каментары