На журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага склалі чарговы пратакол


Журналісту пагражае штраф за тое, што ён распавёў пра складанасці, з якімі сутыкнуліся жыхары вёскі ў выніку суседства са свінакомплексам.

Рэпартаж пра сітуацыю ў вёсцы Краснагорск, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, быў паказаны ў эфіры «Белсату» 8 чэрвеня.

Цяпер жа фрылансэр з Гомлю Кастусь Жукоўскі атрымаў пратакол з Буда-Кашалёўскага РАУС, у якім журналіста вінавацяць паводле арт. 22.9 ч. 2 («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі.

Акрамя таго Кастусю Жукоўскаму патэлефанавалі людзі з Лоева, якія падзялілся сваім меркаваннем у іншым рэпартажы «Белсату», і распавялі, што іх выклікаюць у РАУС як сведак.

Рэпартаж з Лоеўшчыны, які не спадабаўся ўладам

Два тыдні таму Кастуся Жукоўскага пазбавілі пасведчання кіроўцы – за парушэнне ПДД, якое журналіст нібыта здзейсніў пасля суда над блогерам Максімам Філіповічам. Тады міліцыянты затрымалі Жукоўскага па дарозе дадому, прапанавалі ехаць у пастарунак нібыта з той нагоды, што ён не з’яўляўся па позвах. Кастусь сцвярджае, што ніякіх позваў, ні паведамленняў ад праваахоўнікаў яму не прыходзіла. Паміж ім і прадстаўнікамі ДАІ адбыўся канфлікт, пад’ехаў другі экіпаж ДАІ. Супрацоўнікі прыкавалі Жукоўскага да дрэва, а пасля гвалтам заштурхалі ў аўта. Журналіст крычаў ад болю.

У ДАІ Кастусю Жукоўскаму не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы аб пазбаўленні фрылансэра правоў кіроўцы.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары