На загад ФСБ расейскія парталы дапамогуць расшыфроўваць паведамленні інтэрнэт-карыстальнікаў


ФСБ апублікаваў на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі Расеі загад аб парадку перадачы ведамству «інфармацыі, неабходнай для дэкадавання…паведамленняў карыстальнікаў сеткі «Інтэрнэт».

Згодна з дакументам, збіраць ключы шыфравання будзе Арганізацыйна-аналітычнае ўпраўленне Навукова-тэхнічнай службы ФСБ.

«Арганізатары распаўсюджвання інфармацыі» у інтэрнэце павінныя будуць падаваць гэтыя звесткі ў ФСБ на падставе запыту, які накіроўваецца ў пісьмовым выглядзе з паведамленнем аб уручэнні. У запыце паказваюцца склад (фармат) і адрас прадастаўлення інфармацыі для дэкадавання», – гаворыцца ў дакуменце.

З загаду вынікае, што інфармацыю трэба будзе перадаваць ва ўпраўленне ФСБ «на магнітным носьбіце па пошце» або «у форме электроннага паведамлення па электроннай пошце» (другі варыянт паказаны ў дакуменце ў дужках). Акрамя таго, «арганізатар распаўсюджвання інфармацыі» па ўзгадненні з ведамствам можа «арганізаваць доступ» прадстаўніка кіравання да неабходных дадзеных.

Абавязак «арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі» у інтэрнэце прадастаўляць уладам інфармацыю, неабходную для дэкадавання дадзеных, была ўведзеная «пакетам Яравой», які прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў у ліпені 2016 года.

У рэестр арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі на сённяшні дзень уключаныя 65 сайтаў. У яго ўнесеныя найбуйнейшыя расейскія інтэрнэт-кампаніі накшталт «Яндекса», «Вконтакте» і «Мэйл.Ру» і некалькі дзясяткаў медыяў, у першую чаргу, рэгіянальных. Замежных кампаніяў – такіх як «Facebook», «Twitter», «Telegram» і «Google» – у пераліку пакуль няма.

НМ, belsat.eu, паводле Meduza.io

Глядзі таксама
Каментары