На Юлію Цімашэнка завялі крымінальную справу за дапамогу Саакашвілі


Пра гэта паведаміў Цэнтр даследавання прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны і міжнароднага правапарадку «Міратворац».

Акрамя лідара палітычнай партыі «Бацькаўшчына» ў «чорны спіс» трапіў ейны паплечнік Сяргей Уласенка. Вядомых украінскіх палітыкаў ўнеслі ў базу дадзеных за «свядомае парушэнне дзяржмяжы».

Юлію Цімашэнку таксама абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы да «незаконнага перамяшчэння асобы без грамадзянства» Міхэіла Саакашвілі праз дзяржаўную мяжу і ўдзеле «ў нападзе на рэжымны абʼект у складзе групы асобаў».

Цімашэнка была сярод прыхільнікаў экс-губернатара Адэскай вобласці, якога ў ліпені пазбавілі ўкраінскага грамадзянства.

10 верасня пасля некалькіх гадзінаў у цягніку, які не мог выехаць з Польшчы, украінскі палітык і экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў суправаджэнні сваіх прыхільнікаў перасек мяжу Украіны ў раёне прапускнога пункта «Шэгіні».

Кіеў лічыць, што Саакашвілі перасек мяжу незаконна. 11 верасня ў дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу па факце прарыву пагранічных кардонаў. Пятро Парашэнка загадаў ацаніць учынак Саакашвілі не ў палітычнай плоскасці, а ў прававым полі.

Тым, хто дапамагаў Саакашвілі пагражае турэмны тэрмін ад двух да пяці гадоў з канфіскацыяй транспартных або іншых сродкаў здзяйснення злачынства, паведамляў прэс-сакратар МУС Украіны Арцём Шаўчэнка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў