На якіх трактарах Макей сабраўся ехаць у ЗША? Здымкі з дрону

Wideo



Так выглядае сховішча трактароў МТЗ. Здымкі з дрону

У інтэрв’ю ўплывоваму амерыканскаму выданню «Financial Times» міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што «калі захочам прыехаць у вашую краіну, то на трактарах, а не на танках». Пытанне датычыла пагрозы сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў.

Паводле кіраўніка вонкавапалітычнага ведамства Беларусі, нашая краіна «не нясе пагрозы суседзям і іншым краінам».

Алегорыя мірнага ўезду трактароў з задавальненнем выкарыстоўвае і Аляксандр Лукашэнка. Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны напрыканцы красавіка кіраўнік Беларусі сказаў:

«Мы сваякі, мы можам прыехаць толькі да вас, ці, як я ўжо казаў, прыехаць на трактары, араць зямлю, каб дапамагчы вам, калі вам будзе трэба…»

МТЗ – адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў трактарнай тэхнікі

Трактары МТЗ – адзін з самых вядомых беларускіх экспартных тавараў. Завод выпускае больш за 100 мадэляў трактароў больш як у 200 зборачных варыянтах. Сёлета попыт на беларускую тэхніку рос у Азербайджане. Зацікавіліся ёю таксама Пакістан, Судан і Егіпет.

Аднак усё гэта не ратуе прадпрыемства, якое ўжо не першы год перажывае фінансавыя цяжкасці.

У 2016 годзе на прадпрыемстве працавалі больш за 17 тысяч чалавек. Некалькі гадоў таму колькасць працаўнікоў была яшчэ большай – каля 20 тыс. чалавек.

Праўда, МТЗ уваходзіць у лідары самых стратных беларускіх прадпрыемстваў

У 2015-м МТЗ быў адным з найбольш стратных прадпрыемстваў краіны – страты склалі больш за 500 млрд рублёў. Летась завод выйшаў з мінусу – ягоны чысты прыбытак за 2016-ы склаў Br 53 млн.

Застаўленая сотнямі непрададзеных трактароў тэрыторыя заводу трапіла нават на здымкі спадарожніка ў Google Maps. У 2016-ым завод афіцыйна меў чатырохдзённы працоўны тыдзень. Працаўнікі абураліся, што замоваў няма, а прадукцыю няма куды падзець.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары