На выставе навагодніх цацак у Горадні паказалі беларускі арнамент і партрэты Сталіна

photo

Бізнесовец прывёз з Менску ў Горадню прыватны «Музей ёлачных цацак».

Сваю калекцыю 34-гадовы менскі прадпрымальнік Андрэй Бягун пачаў збіраць каля дзесяці год таму. Андрэй прызнаецца, што заўсёды любіў падарожнічаць, а з кожнай вандроўкі хацелася прывезці нейкі ўнікальны сувенір – спыніцца вырашыў на ёлачных цацках.

Цяпер, калі манаполію на пластыкавыя елкі ды бліскучыя шары фактычна мае Кітай, падобная калекцыя не пакідае раўнадушным. Мянчук сабраў цацкі розных часоў з Еўропы, Аўстраліі, Акіяніі, Афрыкі ды ЗША.

Вялікі раздзел адведзены «навагодняй» традыцыі ў СССР. Цікава, што пасля 1935 года, калі Новы год перасталі лічыць «буржуазным перажыткам», у краіне Саветаў выпусцілі партыю шароў з партрэтамі чальцоў Палітбюро.

Рэтра-экзэмпляры

Памочнік калекцыянера паказвае, як фарбуецца шар

Аднак доўга гэтыя цацкі на прылаўках не праляжалі: па-першае, шар з партрэтам мог лёгка разбіцца, што ўжо было недапушчальным, па-другое – «павешаныя» палітыкі маглі ўспрымацца дваяка…

Цікавай аказалася і гісторыя наверша на ялінку. Наверша ў форме пікі прыйшло з кайзераўскай Нямеччыны, дзе гэтак упрыгожваліся вайсковыя шаломы. У Савецкім Саюзе прыдумалі свой займеннік – зорку. Але ж піка на елку ўсё ж такі вярнулася, дзякуючы Юрыю Гагарыну: у новай трактоўцы 1960-ых яна ўжо сімвалізавала ракету і подзвіг першага чалавека ў космасе.

Афрыканскія цацкі

Цацкі з Кітаю

Копія шара для Яна Паўла ІІ

Запрэжаная каала – цацка з Аўстраліі

Паштоўкі са Сталіным на выставе

«Сталініяна» на выставе

Асобная тэма на выставе – святкаванне Новага году ў экзатычных краях. Напрыклад, у краінах Афрыкі склалася свая інтэрпрэтацыя Раства, таму некаторыя анёлы маюць цёмны колер скуры, а цацкі адпавядаюць тамтэйшаму жывёльнаму свету – гэта ільвы, сланы ды насарогі.

Перлінай выставы стала дакладная копія шара, які быў падараваны Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ. Цацка за свой памер нават увайшла ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Дарэчы, як адзначае памочнік калекцыянера, у Польшчы захавалася традыцыя сямейных прадпрыемстваў па вытворчасці навагодніх цацак – падобных фірмаў зараз каля 40. Тым не менш, іх прадукцыю можна лічыць эксклюзіўнай: за мінулы год усе разам яны выпусцілі… 3 тыс. экзэмпляраў цацак.

Беларускі стэнд

Яшчэ на выставе чамусьці кідаюцца ў вочы два вялікія партрэты Сталіна. Вісяць яны сярод рэпрадукцыяў савецкіх паштовак, але чаму павялічыць і вылучыць вырашылі менавіта сталінскія экзэмпляры? Незразумела.

Нацыянальны каларыт звяртае на сябе ўвагу на стэндзе, прысвечаным сучасным беларускім цацкам. Там можна ўбачыць матывы арнаменту ды шары з дзяржаўнай сімволікай або, напрыклад, сімволікай менскага «Дынама».

Выставу можна наведаць у гарадзенскім Новым Замку да 30 снежня.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары