На выходных АМАПаўцы «зачысцілі» барную вуліцу Менску. Людзі здымаюць пабоі


Праваахоўнікі з прымяненнем грубай фізічнай сілы хапалі людзей, якія адпачывалі каля бараў на вуліцы Зыбіцкай за спажыванне алкаголю на вуліцы.

Пра адзін з выпадкаў распавёў моцна збіты Аляксандр Ярашэвіч і ягоная сяброўка. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён напісаў, што ў суботу са знаёмай прыйшоў у кавярню «ДЭПО». У кавярні не было вольных месцаў, таму маладыя людзі набылі па пляшцы сідру і селі ў некалькіх метрах ад адкрытай тэрасы ў чаканні вольных месцаў. Праз некаторы час да іх падышлі два супрацоўнікі АМАПу (як пазней высветлілася Уладзімір Селіванаў і Уладзімір Наумовіч), якія папярэдзілі, што нельга піць менавіта ў гэтым месцы і пагразілі затрыманнямі. Аляксандр Ярашэвіч паспрабаваў патлумачыць сітуацыю і запэўніў, што як толькі вызваляцца месцы, яны пяройдуць у кавярню. Аднак супрацоўнікі АМАПу чакаць не сталі, выклікалі спецмашыну і пачалі брутальна затрымліваць маладых людзей.

«Цягам паездкі ў Цэнтральны РУУС да нас прымянялі грубую сілу, укладвалі тварам у падлогу, прыціскалі нагамі і ў выніку надзелі кайданкі. Цяпер у нас на целе шмат удараў і гематом».

 

Фота цялесных пашкоджанняў затрыманай
Фота цялесных пашкоджанняў затрыманай

У РУУС Аляксандр Ярашэвіч і яго сяброўка прабылі да раніцы, там таксама быў шэраг працэсуальных парушэнняў. Напрыклад, асабісты агляд дзяўчыны праводзілі тыя ж супрацоўнікі АМАПу, адціснуўшы яе ў кут, дзе відэакамеры не могуць правесці фіксацыю. Пратаколы, якія прапанавалі падпісаць маладым людзям, не ўтрымлівалі ніякай інфармацыі акрамя рапартаў амапаўцаў. У суд маладых людзей паабяцалі выклікаць смс-кай.

«Я ўпэўнены, што ў Берліне, Кіеве і іншых гарадах нам бы ні слова не сказалі на тое, што мы п’ем паблізу кавярні, на вуліцы, дзе ўсе так робяць, але не ў нас. Пры сустрэчы з мянтамі ты ў любым выпадку вінаваты», – падкрэсліў Аляксандр.

Цяпер маладыя людзі звярнуліся ў Следчы камітэт Цэнтральнага раёну з заявай на несуразмернае прымяненне сілы да іх, а таксама прайшлі медычную экспертызу, каб зафіксаваць цялесныя пашкоджанні, нанесеныя супрацоўнікамі АМАПу.

Пра затрыманні і неапраўданыя штрафы пачалі пісаць у сацсетках шматлікія наведнікі Зыбіцкай. Як высветлілася пазней, АМАПу далі каманду «зачысціць» вуліцу і цэнтр гораду, піша spring96.org.

Справу пракаментаваў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі. Паводле яго, ніякіх спецыяльных рэйдаў на Нямізе ў мінулыя выходныя не праводзілі.

«Прафілактычная праца па выкананні заканадаўства, у тым ліку і антыалкагольнага, вялася раней і працягнецца ў наступным. Гэта звычайная руцінная праца міліцыі. Аб увядзеннi у мінулыя выходныя нейкіх асаблівых мер, з чымсьці звязаных, мне невядома», – распавёў Ластоўскі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што вуліца Зыбіцкая, Кастрычніцкая і шэраг іншых вуліц створаны для таго, каб менчукі маглі там адпачываць.

«У гэтых месцах знаходзяцца бары, а гэта азначае, што там распіваюць спіртныя напоі. І міліцыя павінна сачыць за парадкам, а не чапляцца да людзей, якія стаяць каля бара і пʼюць сідр.

Гэта «вельмі страшнае правапарушэнне» для нашага гораду – піць на вуліцы, дзе бары знаходзяцца праз кожныя пяць метраў. Я думаю, што такога кшталту дзеянні міліцыі не спрыяюць папулярызацыі нашага гораду і яго турыстычных месцаў. Я не бачыў такога ні ў адным еўрапейскім горадзе, дзе я бываў.

Я думаю, што наша Міністэрства ўнутраных спраў проста хоча, каб менчукі паменш хадзілі па вуліцах, сядзелі ўдома. Гэта было б ідэальна для іх, таму што ў нас вельмі часта горад створаны не для людзей, а для паштоўкі: вельмі чысты горад, пажадана, каб яшчэ і людзей там не было. Увесці каменданцкі час, а бары ўсе закрыць – вось мая прапанова».

ДР belsat.eu паводле spring96.org, tut.by

Стужка навінаў