На выбарах прэзідэнта ў Балгарыі лідаруе прарасейскі кандыдат


Румэн Радэў. Фота bgr.news-front.info

Як паказваюць дадзеныя экзітполаў, у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Балгарыі з вялікім адрывам перамагае прарасейскі кандыдат Румэн Радэў.

53-гадовы беспартыйны генерал у адстаўцы Румэн Радэў, які балатуецца ад апазіцыйных сацыялістаў і выступае за больш цесныя сувязі з Масквой, з вялікім адрывам лідаруе на выбарах прэзідэнта ў Балгарыі. Пра гэта ў нядзелю, 13 лістапада, сведчаць экзітполы арганізацыі «Gallup International» і агенцтва «Alpha Research». Паводле іх звестак, за Радэва прагаласавалі больш за 58 % грамадзянаў Балгарыі, якія прыйшлі на другі тур выбараў.

У той жа час за ягоную суперніцу, старшыню парламенту з партыі «Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі» (ГЕРБ) 58-гадовую Цэцку Цачэву аддалі свае галасы толькі каля 35 % выбарцаў, паказваюць экзітполы.

Ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў будзе залежаць далейшы лёс правацэнтрысцкага ўраду ў Сафіі. Прэмʼер-міністр Бойка Барысаў, прадстаўнік партыі ГЕРБ, абяцаў, што ягоны кабінет падасць у адстаўку, калі Цачэва не атрымае перамогі. У такім выпадку краіну чакае ўжо трэці ўрадавы крызіс за тры гады.

Цяперашні кіраўнік дзяржавы, перакананы празаходні прэзідэнт Росэн Плеўнэліеў, адмовіўся балатавацца на новы тэрмін.

У Малдове сёння адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў. За фатэль кіраўніка краіны змагаліся старшыня Партыі сацыялістаў Ігар Дадон, які мае прарасейскія погляды, і праеўрапейская кандыдатка ад правых сіл, лідарка партыі «Дзеянне і салідарнасць» Мая Санду.

МЯ, паводле dw.com

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары