На Палессі ўпрыгожылі «каменных дзяўчынак»


Велікодная традыцыя ўшанавання старажытных «ідалаў-крыжоў» дагэтуль існуе ў палескіх вёсках Баравое і Данілевічы.

Гісторыя камянёў адна на дваіх. Згодна з мясцовай легендай, дзяўчынка з сімвалічным імем Еўка пайшла ў поле зажынаць жыта разам з маці, але працавала вельмі марудна. Тым часам да маці з дачкой рухалася хмара, і трэба было пакласці снапы хутчэй. Дзяўчынка ленавалася, таму маці не стрымалася і пракляла дачку, каб яна акамянела. У гэты момант прагучаў гром, і дзяўчынка пераўтварылася ў камень.

Жыхары і госці вёсак Данілевічы і Баравое прыязджаюць да сваіх «каменных дзевачак», каб пакінуць дары ў выглядзе ручнічкоў, цацак ды велікодных яек. Наўзамен яны просяць дапамагчы ў асабістым жыцці і дабрабыце.
На Вялікдзень мясцовыя жыхаркі заўсёды пераапранаюць «Еўку» у новае адзенне.
Дзяўчынку частуюць велікоднымі яйкамі ды булкамі, якія жанчыны Баравога ды Данілевічаў выпякаюць у печы.
Некаторыя наведнікі дораць «дзяўчыне» срэбраныя завушніцы і нават грошы, каб іх просьбы ажыццявіліся.
Людзі дагэтуль вераць у дапамогу нявіннай дзіцячай ахвяры.
Старыя дары спальваюць, каб тыя з попелам і малітвамі адышлі ў іншы свет. Пасля гэтага вяскоўцы вяртаюцца дадому.
Біткі – улюбёная забава дзяцей. Выйграе той, у каго яйка застанецца цэлым.
Згодна з традыцыяй, жанчыны Баравога ды Данілевічаў выпякаюць хлеб з крыжыкамі, падобнымі да тых, што выдзертыя на камянях-ідалах.
Каб паслухаць легенду, у бацькоўскай хаце збіраюцца ўсе пакаленні.

Таямніцу «каменных дзяўчынках» даследуюць этнографы ды проста аматары дахрысціянскай беларускай культурнай спадчыны. Пробы, якія ўзялі нядаўна адмыслоўцы, дапамогуць высветліць прыкладны час паўстання камянёў.

Тэкст і фота – Вячаслаў Радзіміч

Стужка навінаў