На Вялейшчыне «ліпавыя» міліцыянты прыйшлі з вобшукам да гандляркі самагонкай


Маладзёны, якія прыкінуліся міліцыянтамі, трапілі ў крымінальную справу.

Інцыдэнт, у выніку якога два хлопцы падазраюцца ў махлярстве, здарыўся ў Вялейскім раёне. Пра гэта распавяла афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту Таццяна Беланог.

Паводле следства, 19 гадовы беспрацоўны жыхар Вялейскага раёну і 17-гадовы навучэнец каледжу «увайшлі ў злачынную змову і завалодалі маёмасцю 74-гадовай жыхаркі аграгарадку Нарач».

«Маладыя людзі зайшлі ў дом жанчыны сталага веку з мэтай набыцця алкагольных напояў. У далейшым яны скарысталіся даверлівасцю пенсіянеркі і прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Пры гэтым яны інсцэніравалі вобшук, у выніку якога пераканалі жанчыну перадаць ім Br 150 – нібыта для спрыяльнага вырашэння пытання аб непрыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны продаж алкагольных напояў уласнай вытворчасці«, – адзначыла Таццяна Беланогая.

Чытайце таксама >>> Былы міліцыянт абвінавачвае журналіста Кастуся Жукоўскага ў «нападзе»

Вялейскі раённы аддзел Следчага камітэту расследуе крымінальную справу паводле ч.2 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, здзейсненая паўторна, групай асобаў). Максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Падазраваныя знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў