На волю пасля 10 содняў арышту выпусцілі Алеся Лагвінца (СТРЫМ)


Стрым з вызвалення Алеся Лагвінца

12:59 Алесь Лагвінец з’ехаў з сям’ёй.

12:47 Алесь Лагвінец выйшаў з ізалятара.

Распавядае пра ўмовы ў ізалятары і свой стан.

«Для мяне гэта быў першы досвед. Мяне абурае, што больш за палову персаналу паводзяць сябе нецывілізавана. Гэта тыканне, брыдкаслоўе. Дзякуй 40 %, якія вялі сябе па-чалавечы.

За 6 дзён два разы мне толькі далі выйсці на прагулку, ды і тое пад дажджом. У першую ноч нам не далі бялізну. Душу не далі прыняць. Гэта сістэма, якая адразу не рэагуе. На мяне не ціснулі. Цяпер я хачу пабыць з сям’ёй.

Унутры знаходзяцца тры ўкраінскія прапаведнікі, людзі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ўнутры, якіх арыштавалі 22 сакавіка зранку нібыта за няправільнае перасячэнне вуліцы, а пасля іх абвінавацілі ў тым, у чым мяне. Яны прыехалі рабіць тут біблейскі семінар.Я не ведаю, ці цікавіцца іх лёсам украінская амбасада. Гэта насамрэч вельмі кепска паказвае нашую краіну. Відавочна, што гэта было зроблена, каб прадухіліць іхны ўдзел у 25 сакавіка, хаця яны і не збіраліся гэтага рабіць.

У мяне ўсё больш менш добра. Апошнія тры дні я рабіў зарадку. Трэба верыць у лепшае.

Мне на выйсці далі тры перадачы. Астатняе перад вачамі выкідвалі. Гэта таксама прыклад іх скотскага стаўлення да людзей. Перадачы з 29 аддалі толькі ранкам 30-га. У першыя дні не дазвалялі асадкі. Віктар Маркаў прасіў паперу і асадку, каб напісаць скаргу. Ён абвесціў сухую галадоўку»

Пракаментаваў Алесь Лагвінец і «біццё галавой аб аўтамабіль».

«Яны сядзелі з двух бакоў. Якім чынам я мог біцца? Мяне ў аўтазаке паклалі на падлогу, адзін АМАПавец сядзеў на мне, потым ён жа пачаў мяне біць, пасля таго, як я сказаў, што хай вашыя дзеці будуць такія здаровыя, калі вы паводзіце сябе па законе і правільна».

12:46 Палітыка павінны выпусціць а 12:40, але пакуль што ён не з’явіўся.

12:45 Цяпер больш 20 асобаў.

12:43 Павел Вінаградаў таксама прыйшоў.

12:40 Прыйшла Таццяна Караткевіч.

12:20 Сын Алеся Лагвінца Антось кажа, што спадзяецца бацьку прывязуць.

Жока Алеся Лагвінца Вераніка Мазуркевіч з малодшым сынам таксама прыехала яго сустракаць. Яна спадзяецца пабачыць яго да вечара.

12:15 Алеся Лагвінца прыйшлі сустракаць сваякі і сябры. Людзей усё больш. Каля ізалятара ўжо больш 15 асобаў.

Сустракаць Алеся Лагвінца прыехаў таксама грамадскі актывіст Сяржук Бахун.

12:10 Каля ізалятара цяпер спакойна.

Суд над палітолагам і выкладчыкам Алесем Лагвінцом, якога суддзя Казак пастанавіла арыштаваць на 10 содняў, адбыўся 27 сакавіка. Супрацоўнік АМАПу сведчыў у судзе, што Алесь Лагвінец ішоў па вуліцы і гучна лаяўся матам, а пры затрыманні сам пачаў біцца галавою аб аўтамабіль, чым і нанёс сабе шматлікія траўмы, пасля якіх яго прышлося шпіталізаваць.

23 сакавіка стала вядома аб брутальным затрыманні палітолага Алеся Лагвінца. Сын Алеся Лагвінца Антось распавёў «Белсату» пра падрабязнасці затрымання.

Справу Алеся Лагвінца па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) пачалі разглядаць увечары 23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну. Палітыка прэвентыўна затрымалі напярэдадні Дня Волі. У суд выклікалі хуткую, бо яму стала дрэнна, абвясцілі перапынак. Пазней у 9-ай лякарні Лагвінцу паставілі дыягназстала: страсенне мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма і пералом носа.

22 сакавіка ў эфіры «Белсату» Алесь Лагвінец назваў Беларусь «паліцэйскаю дзяржаваю».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў