«Не выкідай - абмяняй!» У Горадні адбыўся «Вольны кірмаш»


«Вольны кірмаш» у Горадні

На трэцім «Вольным кірмашы» у Горадні, які арганізаваў «Універсітэт Залатога Веку», людзі старэйшага веку пазбавіліся непатрэбных рэчаў, абмяняўшы іх на патрэбныя.

А з нагоды «Свята ўраджаю» яшчэ і пахваліліся сваймі закаткамі. Пра тое, як сталыя людзі актыўна праводзяць час, – у рэпартажы belsat.eu.

Абмяняць непатрэбную рэч на патрэбную

«Універсітэт залатога веку» – унікальны праект, з дапамогай якога асобы старэйшага веку могуць і надалей весці актыўны лад жыцця. Арганізатарамі пастаянна ладзяцца імпрэзы для фізічнага і інтэлектуальнага развіцця такіх людзей.

Напрыклад, ужо трэці год запар ладзіцца «Вольны кірмаш», на якім прысутныя могуць абмяняць непатрэбныя ім рэчы на патрэбныя. Арганізатарам кірмашу выступіла старшыня Рады «Універсітэт залатога веку» Ларыса Кіркевіч:

«Ідэя арганізаваць такі кірмаш прыйшла некалькі год таму, калі я пабывала на «Вольным кірмашы», які праходзіў у «Антыкафэ». І мы падумалі, а можа гэта прыдасца нашаму «Універсітэту». У кожнага дома ёсць шмат рэчаў, якія ўжо нікому непатрэбныя, але гэта добрыя рэчы. І мы зладзілі першы «Вольны кірмаш» тры гады таму. З таго часу мы кожны год ладзім такія імпрэзы».

Прыносілі на абмен ад касметыкі да закатак

Удзельнікі кірмашу прыносілі абменьваць касметычныя сродкі, кнігі, дзіцячыя цацкі, вопратку ды нават жывыя расліны. Кірмаш сёлета быў нешматлюдным ды сабраў фактычна адных жанчын. Некаторыя з іх прыносілі свае закаткі з нагоды «Свята ўраджаю» ды абменьваліся імі. Арганізатарка Ларыса Кіркевіч дадае:

«Нехта мае лецішча, нехта не мае, і для тых, хто не мае, але хацеў бы нешта прыдбаць, мы робім такі абмен».

Дабрачыннасць – другая мэта кірмашу

Арганізатары лічаць, што падобныя кірмашы – магчымасць камунікаваць сталым людзям ды заводзіць новыя знаёмствы. Да таго ж на такую імпрэзу можна прывесці з сабой сваіх унукаў. «Вольны кірмаш» гэтага году меў і дабрачынны характар. Тыя рэчы ды закаткі, якія застануцца, будуць перададзеныя Цэнтру міжпакаленчага паразумення, які размяркуе іх паміж сваймі падапечнымі ды людзьмі, якія маюць патрэбу ў «таварах» кірмашу.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў