Псеўдакілер прадставіў замоўніку фота пачленаванай 21-гадовай дзяўчыны


Паводле праваахоўнікаў, 51-гадовы грамадзянін Арменіі, які пражывае ў Багушэўску Сенненскага раёну, шукаў кілера для забойства 21-гадовай дзяўчыны. Яе жыццё мужчына ацаніў у $ 1 000. Злачынства атрымалася перадухіліць.

Як высветлілася, дзяўчына некаторы час таму стала вінаватай ДТЗ, у якім загінуў сын грамадзяніна Арменіі – 16-гадовы хлопчык. Суд прысудзіў дзяўчыну да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў з накіраваннем у папраўчую калёнію-пасяленне ў Гомельскай вобласці. Аднак бацька загінулага хлопчыка палічыў гэта пакаранне занадта мяккім і вырашыў наняць кілера. Далейшыя дзеянні праходзілі ўжо пад кантролем аператыўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

«Заказчык пазбягаў тэлефонных размоваў і іншых кантактаў праз сродкі камунікацыі, абмеркаванне ўсіх пытанняў праходзіла толькі пры асабістых сустрэчах, на якіх настойваў на здзяйсненні злачынства. У якасці доказу выкананай працы «умоўны кілер» прадставіў фатаграфію ахвяры з адрэзанымі канечнасцямі, вырабленую пры дапамозе фотамантажу. Пакутлівая смерць была адной з неабходных умоваў дагавора», – распавёў падрабязнасці прадстаўнік ГУБАЗіК Руслан Баязітаў.

Пасля таго, як заказчык і кілера дэталёва абгаварылі ўмовы наступнай аплаты выкананай працы, грамадзяніна Арменіі арыштавалі і змесцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Віцебску.

Такім чынам, беларускія праваахоўнікі фактычна ажыццявілі інсцэнізацыю забойства. Нядаўна прыклад падобнай інсцэнізацыі прадэманстравалі ўкраінскія спецслужбы ў «справе Бабчанкі».

ІІ, belsat.eu, паводле uvd.vitebsk.gov.by

Стужка навінаў