На Веткаўшчыне былі госці з Масквы, якія хавалі стралу і зрывалі 9 каласкоў


Старажытны язычніцкі абрад «Пахаванне стралы» правялі ў вёсцы Стаўбун на Веткаўшчыне.

На пачатку абраду з розных канцоў вёскі ў яе цэнтр, нібыта ручаі ў вялікую раку, сцякаліся жаночыя гурты. У цэнтры, на скрыжаванні дарог, дзяўчаты і кабеты зладзілі традыцыйны танок (карагод). Пасля ўся жаночая частка вёскі шыхтамі з адмысловымі стралавымі спевамі выправілася за паселішча, у жытнёвае поле. Падчас хады да шыхтаў далучаліся іншыя кабеты.

У жытнёвым полі зноўку адбыўся танок, а моладзь качалася па маладым жыце, каб не балелі спіны. Абавязковы элемент абраду – зрыванне на полі 9 каласкоў, якія трэба прынесці дадому і пакласці за страху. Нашыя продкі верылі, што з дапамогай гэтага абраду можна адвесці маланку ад сяла, а таксама паспрыяць добраму ўраджаю і здароў’ю. Сёлета да абраду ўжо традыцыйна далучылася моладзь ды навукоўцы з Гомлю, Менску і Масквы.

Ларыса Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў