«На трасе – 45 градусаў». Экіпаж МАЗу скончыў другі дзень «Дакару» на 4-м месцы


Другі дзень гонкі, нягледзячы на ​​гарачыню і складаную трасу, стаўся для беларускіх гоншчыкаў паспяховым.

Экіпаж 511 пад кіраваннем Сяргея Вязовіча здолеў выбіцца наперад на хуткасных участках і паказаць чацвёрты час – 2 г 40 хв. Пераможцам заезду і заадно лідарам гонкі стаў галандзец Марцін Ван дэн Брынк на «Renault», якому беларускі экіпаж прайграў каля трох хвілін. У агульным заліку Сяргей Вязовіч падняўся на шостае месца і адстае ад самога хуткага экіпажа на 4 хвіліны.

Сёлета ў складзе каманды «МАЗу» у гонцы бяруць яшчэ два экіпажы.

533-і пад кіраўніцтвам Аляксея Вішнеўскага скончыў другі этап на 18-м месцы, выдаткаваўшы на праходжанне спецучастку каля 2 г 52 хв і прайграўшы галандцу амаль 15 хв. У генеральнай класіфікацыі беларускі экіпаж размясціўся на 21-й пазіцыі, адстаючы ад лідара гонкі прыкладна на 20 хвілін.

522-і пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага скончыў заезд на 23-м радку. Яго час – 2 г 55 хв, а адставанне ад пераможцы этапу – каля 18 хв.

Паводле сумы этапаў беларускі экіпаж займае 22-е месца, ад першага месца яго аддзяляе каля 22 хв.

«На трасе было вельмі горача – дзесьці 45 градусаў. У машынах прадугледжаны кандыцыянеры, але ў некаторых экіпажаў яны выходзяць са строю і тады кабіна можа прагравацца да стану апарні, – цытуе Аляксея Вішнеўскага «Інтэрфакс».

Пілот кажа, што другі спецучастак прайшлі роўна, без асаблівых прыгодаў: «З самага старту ўзялі добры тэмп. Перашкаджалі джыпы, якія пылілі наперадзе, але некалькі аўтамабіляў атрымалася абагнаць. У некаторых экіпажаў награваецца рухавік, выходзяць з ладу іншыя сістэмы. Але гоначны МАЗ не падвёў».

  • Сёлетняя гонка праходзіць па тэрыторыі трох краінаў – Парагваю, Аргентыны і Балівіі, і будзе цягнуцца да 14 студзеня. Фініш – у Буэнас-Айрэсе.
  • Пасля леташніх праблемаў з расейскімі рухавікамі Менскі аўтазавод на два з трох гоначных цяжкавікоў паставіў чэшскія маторы «Buggyra».
Стужка навінаў