На Слонімшчыне страйкуюць працаўнікі аграгаспадаркі. Яны патрабуюць адстаўкі старшыні


Працаўнікі аграгаспадаркі «Новадзевяткавічы» патрабуюць адстаўкі старшыні. Мясцовыя чыноўнікі вядуць з імі перамовы. Пра гэта паведамляе «Газета Слонімская».

Людзі скардзяцца на стаўленне кіраўніка гаспадаркі «Новадзевяткавічы» Уладзіміра Акуліча да працоўных. Жанчына, якая забяспечвае абедамі рабочых, па загадзе кіраўніка павінна карміць яго строга з 13 да 14 гадзінаў штодня, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца старшыня. Ёй часта даводзіцца шукаць яго па лясах і палях, хоць ён мог бы, як усе, паесці і з астатнімі працоўнымі. Таксама людзі скардзяцца незаконныя, на іх думку, звальненні людзей.

«Чалавек аддае такія загады, што каровы на фермах застаюцца галодныя, таму што мы проста не паспяваем іх пакарміць», – кажуць працоўныя.

Супрацоўнікі гаспадаркі кажуць, што такога кіраўніка ім сустрэць яшчэ не даводзілася за ўвесь час сваёй працы.

16 траўня адбылася сустрэча працоўных з дырэктарам цэнтру па банкруцтве і антыкрызісным кіраванні райвыканкаму Віталём Сечам. Падчас сустрэчы ён прапанаваў скласці спіс усіх праблемаў, з якімі сутыкаюцца працоўныя праз старшыню.

Сёння многія супрацоўнікі аграгаспадаркі «Новадзевяткавічы» адмовіліся выходзіць на працу.

Каля 10-й раніцы ў гаспадарку прыехалі супрацоўнікі райвыканкаму і міліцыі, якія размаўлялі з людзьмі.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў