На сход без Лукашэнкі прыйшлі каля тысячы чалавек


У Менску прайшла сустрэча былога палітвязня і экс-кандыдата на прэзідэнцтва Міколы Статкевіча з выбарцамі. Прыйшлі каля тысячы чалавек. Быў запрошаны і Аляксандр Лукашэнка. Але – не з’явіўся. Хаця менавіта да яго Статкевіч прыгатаваў шэраг вострых пытанняў.

Ці збіраецца кіраваць да смерці? Дзе зніклыя палітыкі? Ці гатовы ахвяраваць краінай дзеля ўласнае выгады? Навошта патрэбная русіфікацыя? Адказаць на гэтыя, ды іншыя невыгодныя пытанні былы палітвязень Мікола Статкевіч разам з Уладзімірам Някляевым і Анатолем Лябедзькам запрасілі кандыдата ў прэзідэнты і дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку сёння на плошчу Свабоды. Той, прадказальна не з’явіўся.

Мікалай Статкевіч, палітык:

«Мы цалкам пазбаўленыя голасу, яго трэба вяртаць, страх трэба змяншаць. Трэба адваёўваць тэрыторыю свабоды, пакуль яшчэ ідзе гэтая кампанія і ён яшчэ гуляе ў гэтую легітымнасць. Мы павінны адкруціць як мага болей гэтую гайку, каб нават калі пасля выбараў ён адкруціць яе назад, то не да канца. Бо нам прыйдзецца працаваць з гэтым напалоханым грамадствам і далей – пасля адзінаццатага».

Апазіцыйныя лідары заклікалі людзей ігнараваць выбары і не прыходзіць на выбарчыя ўчасткі гэтак жа, як кіраўнік краіны не прыйшоў на сустрэчу са сваймі выбарнікамі. Але, паводле Уладзіміра Някляева галоўнае – не гэтыя выбары, а перыяд да наступнай выбарчай кампаніі, за які вырашыцца не толькі будучыня прэзідэнцкага крэсла, але і ўсёй краіны.

Уладзімір Някляеў, палітык:

«Гэтыя гады – вырашальныя. Гэта вырашальныя гады для Лукашэнкі – ён гэта разумее і таму гэтак торгаецца, гэта вырашальныя гады для Беларусі і для кожнага з нас. Таму іншага спосабу прыцягнуць людзей і патлумачыць ім, што адбываецца – няма».

На акцыі былі толькі некалькі праваахоўнікаў у форме. Яны склалі на арганізатараў пратакол за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, які палітыкі падпісваць адмовіліся. Нягледзячы на тое, што тройка апазіцыянераў сабрала самую буйную акцыю цягам гэтай выбарчай кампаніі, абышлося без затрыманняў. Белсат паразмаўляў з некаторымі з прысутных.

Не толькі Лукашэнка, але ні адзін іншы кандыдат на прэзідэнта не прыйшоў на сённяшнюю сустрэчу з выбарнікамі. Арганізатары ўжо запрашаюць ну спатканні 4 кастрычніка і дзясятага – напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў