На саміце СНД у Менску асудзілі адсутнасць Парашэнкі


Пад старшынствам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску прайшло пасяджэнне савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД. На саміце, на які не прыехаў прэзідэнт Украіны, прынялі 15 дакументаў.

Сярод прынятых дакументаў – зварот кіраўнікоў дзяржаваў СНД да сусветнай грамадскасці ў сувязі з 70-й гадавінай перамогі ў ІІ Сусветнай вайне.

Акрамя таго, прынялі заяву «Аб захаванні і ўмацаванні міжнароднай сістэмы кантролю над наркотыкамі» ды шэраг рашэнняў аб развіцці міжрэгіянальнай супрацы краінаў СНД. 2016 год у Садружнасці незалежных дзяржаваў абвесцілі Годам адукацыі ды прынялі пастанову пра рэалізацыю міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы Садружнасці».

У саміце не ўзяў удзелу Пятро Парашэнка. У той жа час Уладзімір Пуцін прыбыў на саміт. Прэзідэнт Узбекістану Іслам Карымаў асудзіў рашэнне Парашэнкі не прыехаць на сустрэчу.

«На наш погляд, з такім рашэннем вельмі цяжка пагадзіцца. Давайце задамося пытаннем, хто з нас, кіраўнікоў краінаў СНД, сустракаўся адзін на адзін з Парашэнкам? – запытаў Карымаў.

Лідар Узбекістану адзначыў, што Парашэнкі апошнім часам пабываў у шмат якіх краінах Еўропы. »Дарэчы, Украіна яшчэ застаецца ў складзе СНД. Ствараецца ўражанне, што ён (Парашэнка), мабыць, раздвойваецца, і ніяк не можа ўсвядоміць, на карысць яму выхад з СНД, ці не на карысць», – цытуе кіраўніка Узбекістану pressorg24.com.

На думку Карымава, удзел Парашэнкі ўнёс бы яснасць у вырашэнне праблемаў Украіны. 

Журналісты заўважылі, што на саміце Уладзімір Пуцін надзвычай эмацыйна спрачаўся з кіраўніком Малдовы Мікалаем Цімофці, які гэтак жа, як і Парашэнка, падпісаў дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам. Журналісты, праўда, не пачулі, што абмяркоўвалі прэзідэнты, падаў сайт mk.ru.

У сакавіку 2014 года Украіна заявіла аб намеры спыніць удзел у СНД. Фармальна Украіна не з’яўляецца чальцом Садружнасці, але мае статус назіральніка і дзяржавы-сузаснавальніка арганізацыі. Праз паўгода пасля заяваў аб намеры выйсці з СНД Кіеў не зрабіў практычных крокаў у гэтым кірунку.

МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў