На рынак будаўніцтва інвестары не вернуцца ў бліжэйшыя 5 гадоў


Калі будаўніцтва дому з вашаю кватэраю прыпала на 2015-ы, то вокны жылплошчы вашае мары яшчэ доўга будзе прадзімаць вецер. Адна з галоўных галінаў краіны садзьмулася, – цвердзіць наш эксперт, – абʼёмы працаў упалі да 70 %, а заробкі засталіся на ўзроўні 2014 году.

Усё пачалося з Расеі, якая доўгія гады прымала беларусаў да сябе на будоўлі і плаціла значна больш шчодра, чым можна спадзявацца ўдома. У сярэднім $ 1000-1200 на рукі атрымлівалі ў 2014 г., але пасля дэвальвацыі расейскага рубля заробкі скараціліся ўдвая, ды выплачваюць іх са спазненнем і ў няпоўным абʼёме.

Сямʼя гастарбайтара Сяргея Казакевіча жыве ў Смалявіцкім раёне. Сам ён прыехаў да жонкі і сына толькі на навагоднія вакацыі. Прыехаў з грашыма, бо афіцыйна працуе ўжо 12 гадоў у надзейнай расейскай фірме.

«Не зайздрошчу маладзейшым хлапцам, якія ў 2015 годзе ездзілі ў Расею пачаткоўцамі – бардзюры цягаць і бетон тачкамі падвозіць, – кажа Сяргей. – Яны вярнуліся дамоў пераважна з пустымі рукамі. Пры гэтым шмат хто з іх рызыкаваў свядома. Працадаўцы папярэджвалі, што грошай на заробкі няма, але ў надзеі, што крызіс міне будаўнікі-замежнікі працавалі на абʼектах задарма нават па паўгода. Хто мае дамову, таму некалі заплоцяць ужо абясцэненымі рублямі. Рэшта – можа аплаты не спадзявацца».

IMG_5322_sprawka
Фота gomel.today

У крызісныя моманты будаўнічая галіна заўжды згортваецца, бо інвестары і вытворцы матэрыялаў не могуць мець прыбыткі падчас дэвальвацыі. Грошы дольнікаў абясцэньваюцца, планы забудоваў расцягваюцца на гады.

«З замарожанай Расейскай будоўлі ў вымушаныя адпачынкі беларусы паехалі масава, – працягвае Сяргей Казакевіч, – некаторыя разлічвалі знайсці працу ў Беларусі, але для мяне зразумела, што няма розніцы – расейскі крызіс ці беларускі».

6_gazobloki

Дзяржава гэта адмаўляе, але рынак будаўніцтва ў Беларусі сапраўды садзьмуўся, канстатуе архітэктар Мікалай, які працуе з буйнымі сталічнымі праектамі. Паводле ягоных субʼектыўных ацэнак, абʼёмы прааў упалі на 50-70% да абʼёмаў 2014 года.

«Пагаршае сітуацыю і тое, што разлік за выкананыя абʼёмы затрымліваюць на 3-12 месяцаў. Адпаведна расце пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць і запазычанасць па заробках, фактычнае беспрацоўе. Заробкі ў шмат якіх арганізацыях зафіксаваныя ў рублях на ўзроўні канца 2014 года. Тады сярэдні заробак складаў каля BR 10 млн. = $ 1000 у эквіваленце. Да канца 2015 года заробкі працаўнікоў галіны знізіліся і ў нацыянальнай валюце – да ўзроўню BR 4-8 млн., і праз дэвальвацыю згубілі ў доларавым вызначэнні – да $ 200-400».

Скарачэнне персаналу адбываецца ў масава ў камерцыйным сектары, але і на дзяржаўных прадпрыемствах штат заўважна змяншаецца. Архітэктар Мікалай прывёў «Белсату» неафіцыйную статыстыку загружанасці на пошукавых прадпрыемствах (геолагі, геадэзісты). Яны выконваюць 10 % абʼёмаў працы 2014 года. Праектоўнікі загружаныя толькі на 30 %. Спецыяліст кажа: «Новыя абʼекты ў краіне нават не адкрываюць. Праца ідзе толькі на старых. Пра даўгабуды я нават не ўзгадваю, бо ў інвестараў няма на іх грошай і падобна – не будзе яшчэ гадоў пяць. Такім чынам будоўлі наканавана здувацца надалей».

Пра такія прагнозы ведае кожны прараб і палова рабочых. Тым ня менш, нават пасля некалькіх месяцаў без працы будаўнікі прынцыпова настойваюць на ранейшых расцэнках для дробных кліентаў. У палове выпадкаў гэта не спрацоўвае, бо пра крызіс у будаўнічай галіне ведаюць і замоўнікі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары