На просьбы ветэранаў і камуністаў каля МТЗ паставяць помнік Леніну


Да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі каля МТЗ паставяць помнік Леніну. З такой просьбай да кіраўніцтва прадпрыемства звярнуліся «ветэраны і камуністы». Раней помнік знаходзіўся ва ўнутраным двары заводу.

Апошні месяц помнік рэстаўруецца. Да 7 лістапада яго ўсталююць на тэрыторыі сквера, побач з МТЗ-2, там, дзе ён стаяў у савецкія гады.

«Помнік часта перафарбоўвалі: то ў шэры, то ў зялёны, і цяпер мы яго чысцім, робім новы пастамент», – распавёў Андрэй Сусленка, намеснік гендырэктара ААТ «МТЗ» па ідэалогіі, кадрах і сацыяльным развіцці.

Ён удакладніў, што кіраўніцтва заводу прыняло пастанову выставіць помнік за тэрыторыю заводу пасля зваротаў «ветэранаў і камуністаў».

«Нам казалі, што хутка свята, але няма куды кветкі адносіць. Пасля абмеркавання мы вырашылі ўсталяваць помнік на першапачатковым месцы. Цяпер любы грамадзянін можа яго ўбачыць, а не толькі рабочыя», – дадаў Сусленка.

Помнік Леніну каля МТЗ будзе адкрыты а 13-й гадзіне 7 лістапада падчас свята, якое арганізуе завод.

Завадская газета «Беларус-МТЗ» правяла апытанне сярод рабочых пра стаўленне да помніка. Невядома, ці былі крытычныя каментары, але ў друк яны не патрапілі.

«Помнік – гэта памяць пра былыя часы, пра гісторыю заводу і нашую маладосць. Яго проста немагчыма адсюль прыбраць, бо разам з тым мы знішчым нашу гісторыю», – лічыць працаўніца Наталля.

«Людзі старэйшага пакалення ўсё жыццё пражылі з гэтым імем пачынаючы са школьнай лаўкі, Ленін быў для нас сімвалам будучыні, мы спадзяваліся на лепшае», – прыводзіць газета словы Анатоля з рамонтна-механічнага цэху.

«Помнік выклікае толькі станоўчыя эмоцыі, хай стаіць яшчэ шмат гадоў», – сказаў журналісту Сяргей Уладзіміравіч, вядучы інжынер-электронік.

Менгарвыканкам у сваю чаргу не дазволіў апазіцыі правесці 7-га лістапада акцыю памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў