На працы прымушаюць да прышчэпкі. Што рабіць?


Прышчэпка ад грыпа ў Беларусі – добраахвотная, – кажуць дактары і юрысты. Фота – Privivkainfo

Працадаўцы мараць пра працаўнікоў, якія не хварэюць. Аднак прымусіць іх зрабіць прышчэпку не могуць.

Глядач «Белсату» Уладзімір У. паведаміў, што на гэтым тыдні на вытворчым аб’яднанні «Тэхмаш» – адным з філіялаў лідскага «Сельгасмашу» – распаўсюдзілі загад кіраўніцтва аб праходжанні вакцынацыі ад грыпу наўпрост на працы: «У мэтах абароны працаўнікоў ад цяжкіх наступстваў хваробы, зніжэння рызыкі захворвання і стварэння здаровай атмасферы для тых, хто навокал».

У копіі дакументу сцвярджаецца, што адмовіцца ад прышчэпкі могуць толькі тыя, хто мае дазвол ад тэрапеўта.

У выпадку непраходжання працаўнікамі вакцынацыі да 1 лістапада кіраўніцтва пагражае нявыплатаю прэміяльных.

На прадпрыемстве нам заявілі, што пра загад не чулі.

«Пра гэта нашае кіраўніцтва толькі жартавала. Нам, сапраўды, прапанавалі зрабіць прышчэпкі, але нікога не прымушаюць. Я, напрыклад, прышчэпку не рабіла і не збіраюся, я супраць іх. Маё дзіця аднойчы захварэла пасля прышчэпкі», – заявіла «Белсату» інспектар па кадрам прадпрыемства.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» нам заявілі, што прышчэпкі ў Беларусі – непрымусовыя, ад іх можна адмовіцца.

«Калі чалавек не хоча рабіць прышчэпку і лічыць, што ягоныя правы парушаюцца, ён можа звярнуцца ў адпаведныя органы», – кажа юрыст Валянцін Стэфановіч.

У рэгістратуры Лідскай раённай паліклінікі «Белсату» заявілі, што прышчэпкі не могуць рабіцца прымусова, але параілі ўсё ж такі іх зрабіць: восень – сезон прастуды.

ДД

Глядзі таксама
Каментары