На пратэстах супраць пенсійнай рэформы ў Расеі паліцыя затрымала больш за 150 чалавек


Сёння тысячы прыхільнікаў апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага пратэстуюць супраць пенсійнай рэформы па ўсёй Расеі – ад Уладзівастоку да Калінінграду. На гэты момант дэманстрацыі адбыліся на Далёкім Усходзе, Паволжы, на Урале і цяпер адбываюцца ў еўрапейскай частцы Расеі. У некаторых гарадах мясцовыя ўлады дазволілі правесці шэсці і мітынгі, у некаторых – не.

Штаб Навальнага анансаваў акцыі пратэсту ў 17 гарадах, дазволеныя яны былі толькі ў сямі. Там, дзе акцыі не былі ўзгодненыя, паліцыя затрымлівае пратэстоўцаў і нават журналістаў. Гэтак, на акцыі ў Пецярбурзе затрымалі карэспандэнта «Белсату» Рамана Перла.

«Калегі, хацеў папярэдзіць, што затрыманы. Даслаць матэрыял сёння змагу не хутка», – напісаў Раман у рэдакцыю.

Паводле падлікаў прааабаронцаў, на гэты момант затрымана больш за паўтары сотні чалавек. Reuters піша пра 153 асобы.

Пратэст Навальнага без Навальнага

Дата акцыяў абраная невыпадкова: сёння ў Расеі праходзяць выбары рознага ўзроўню. У прыватнасці, у Маскве абіраюць мэра, а ў Падмаскоўі – губернатара.

Напрыканцы жніўня Навальнага прэвентыўна затрымалі і асудзілі на 30 содняў за арганізацыю студзеньскай акцыі на падтрыманне «Забастоўкі выбарнікаў» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Тым не менш апазіцыйны лідар заклікаў сваіх прыхільнікаў падтрымаць пратэст.

Па звестках «Левада-Цэнтру», супраць пенсійнай рэформы выступаюць 89 % расейцаў. Гэтак, паводле законапраекту, прынятаму Дзярждумай у першым чытанні, пенсійны ўзрост мае павысіцца з 55 да 63 гадоў для жанчын і з 60 да 65 гадоў для мужчынаў.

Тыдзень таму супраць пенсійнай рэформы пратэставалі расейскія камуністы. Партыю Зюганава падтрымалі тысячы людзей па ўсёй краіне. Найбольш удзельнікаў сабраў маскоўскі мітынг: па розных падліках – ад шасці да дзевяці тысячаў.

ДД

Стужка навінаў