На прадпрыемстве ў Барысаве, дзе атруціліся пяць жанчын, затрымалі прыбіральшчыцу


Барысаўскія следчыя працягваюць усталёўваць абставіны атручвання пяці асобаў на прадпрыемстве «Фаўна», дзе займаюцца перапрацоўкай рыбы.

Прыбіральшчыца прадпрыемства, якая прынесла жанчынам бутэльку з невядомай вадкасцю, затрыманая.

У Дзень маці, 14 кастрычніка, на барысаўскім прадпрыемстве «Фаўна» пяць супрацоўніц атруціліся невядомай вадкасцю. Бутэльку ў бакоўку, дзе раніцай жанчыны пераапраналіся перад зменай, прынесла прыбіральшчыца. Паводле сына адной з пацярпелых, яна знайшла яе ў курылцы на другім паверсе, падумала, што гэта бальзам, і прапанавала калегам адзначыць свята.

Жанчыны крыху выпілі, ім адразу ж стала дрэнна. Тры з іх цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане ў Менску ў больніцы хуткай дапамогі, дзве – у Барысаўскай цэнтральнай раённай больніцы.

Ва ўпраўленні Следчага камітэту па Менскай вобласці паведамілі, што ў межах расследавання крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 155 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці»), следчыя дапытваюць сведкаў, працаўнікоў, службовых асобаў, праводзяцца вобшукі і шэраг лабараторных даследаванняў. Санкцыя згаданага артыкулу прадугледжвае да двух гадоў абмежавання волі.

Вывучаецца канфіскаваная з прадпрыемства дакументацыя, запісы з камераў відэаназірання, якія далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы.

У Следчым камітэце паведамілі пра затрыманне супрацоўніка прадпрыемства. Затрыманай асобай аказалася прыбіральшчыца.

На «Фаўне» пра жанчыну адгукаюцца добра. Яна старэйшая за 50, тут яна працуе ўжо шмат гадоў. Яе характарызуюць як адказную асобу. Сын адной з пацярпелых казаў, што «бальзам» яна сама не піла, толькі «узяла на язык».

«Яна працуе два праз два, і сёння ў яе законны выходны. На працу ёй выходзіць толькі ў сераду», – патлумачылі на прадпрыемстве.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў