Якога колеру Беларусь? На перавыданне апошняй кнігі Анемпадыстава сабралі траціну сродкаў

ВІДЭА

Цягам двух дзён кампанія па зборы сродкаў на публікацыю кнігі выбітнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» сабрала Br 4 761 з 13 500. Кампанію арганізаваў Лятучы універсітэт у партнёрстве з кнігарняй «Логвінаў».

Апошняя вялікая – ва ўсіх сэнсах – праца Міхала Анемпадыстава складаецца з двух частак: візуальнай і літаратурна-даследчай, дазваляючы цалкам занурыцца ў колеравы свет Беларусі.

Захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў

У кнізе апісаныя 7 колераў, якімі «пафарбаваная» беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны «энцыклапедычны артыкул» праілюстраваны дзясяткам фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

«Большасць чытачоў адкрые для сябе новы свет, пра існаванне якога яны не здагадваліся, нягледзячы на ўсе свае ўніверсітэты», – кажа філосаф Валянцін Акудовіч.

Кніга ўжо была выдадзеная абмежаваным накладам летась – і адразу разышлася сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Анемпадыстава. Гэта ўнікальны падручнік, які дазваляе на вербальным і не вербальным узроўні засвоіць частку малавядомай беларускай культуры.

Заснавальнік Лятучага ўніверсітэту і вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч дадае, што мы заўсёды звязваем Беларусь з колерамі:

«Блакітныя азёры, зялёныя балоты, Белая Русь… Міхал знаходзіць вытокі тых колераў, з якіх складаецца нашая разнастайная рознакаляровая краіна».

Альбом дае магчымасць па-новаму зірнуць на нашую паўсядзённасць і нашую культуру і саміх сябе.

«Колер – гэта душа народу, яго пачуцці», – сцвярджае доктар мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская.

Краўдфандынгавая кампанія працуе паводле прынцыпу папярэдняй замовы: падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па нізкім кошце. Адзін асобнік будзе каштаваць Br 40. Пры замове некалькіх экзэмпляраў кошт будзе меншым. Арганізатары кампаніі плануюць выдаць 500 экзэмпляраў. Да ўдзелу запрашаюцца таксама асобы і кампаніі, якія гатовыя выступіць спонсарамі, каб кніга магла патрапіць у бібліятэкі, культурніцкія ўстановы і публічныя прасторы.

Да канца кампаніі засталося 43 дні.

Міхал Анемпадыстаў памёр у ноч на 23 студзеня – падчас працы за камп’ютарам у яго здарыўся інсульт.

ДД

Глядзі таксама
Каментары