На перамовы ў Менск прыехаў кум Пуціна і Леанід Кучма


У Менску 31 студзеня пачалася сустрэча Трохбаковай кантактнай групы пры ўдзеле прадстаўнікоў сепаратыстаў.

Сустрэча адбываецца за зачыненымі дзвярыма. У ёй прымаюць удзел – прадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма і амбасадар Расеі ў Кіеве Міхаіл Зурабов.

Таксама на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі ДНР Дзяніс Пушылін і ЛНР Уладзіслаў Дзяйнега.

Акрамя таго, на сустрэчу прыбыў Віктар Медвядчук, лідар прарасейскага руху «Украінскі выбар». Медвядчук – галава Адміністрацыі прэзідэнта ў часы кіравання Кучмы і кум Пуціна.

Выданне «Українська правда» паведаміла раней у суботу са спасылкай на Адміністрацыю прэзідэнта Украіны, што Медведчука прызначыла СБУ «спецыяльным прадстаўніком па пытаннях гуманітарнага характару дзеля мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данецкай і Луганскай вобласцях».

У пятніцу ўвечары ў АБСЕ заявілі, што да сустрэчы падрыхтаваны дакумент з пералікам канкрэтных крокаў, якія трэба абмеркаваць у Менску: неадкладнае спыненне агню і адвод цяжкога ўзбраення ад ліні, узгодненай Менскім мемарандумам; бесперашкодныя пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя рэгіёны Данбасу, а таксама вызваленне палонных.

Перад пачаткам сустрэчы прадстаўнікі сепаратыстаў заявілі, што лідары іх груповак цяпер занятыя ваеннымі дзеяннямі і прыбудуць у Менск толькі ў тым выпадку, калі Украіна пагодзіцца на размежаванне па лініі агню па стане на 31 студзеня.

Праз няяўку саміх лідараў сепаратысцкіх рэспублік Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага, якія падпісвалі Менскія пагадненні ў верасні 2014 года, да апошняга моманту не было ўпэўненасці, што сустрэча адбудзецца.

Сепаратысты заяўляюць, што не лічаць сябе абавязанымі Менскімі пагадненнямі і ўжо падрыхтавалі новыя ўласныя дакументы на замену, у прыватнасці, з вызначэннем лініі кантакту бакоў на цяперашні час, з улікам тэрытарыяльных дасягненняў баевікоў, калі ўкраінскія войскі лічылі сябе абавязанымі перамір‘ем і адступалі без адказу на напады. Украіна паўтарае, што прызнае толькі Менскія пагадненні, якія, сярод іншага, зафіксавалі лінію кантакту па стане на 19 верасня 2014 года.

Паводле radiosvoboda.org

Глядзі таксама
Каментары