На «перадавой». Як прайшоў першы дзень вучэнняў у Глыбокім


14 верасня распачаліся расейска-беларускія стратэгічныя манеўры «Захад-2017». У горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці сфарміраваны штаб тэрытарыяльнай абароны, які супрацьстаіць умоўнаму праціўніку – сепаратыстам Вейшнорыі.

Тут ужо дзейнічае каменданцкая гадзіна, вуліцы патрулююць міліцыянты ў касках і з аўтаматамі, а на будынку адміністрацыі стаіць варта. Карэспандэнты belsat.eu выправіліся ў Глыбокае, каб даведацца, як горад перажыў першы дзень вучэнняў.

На ўездзе ўсталяваныя кантрольна-прапускныя пункты. Яны фактычна пустыя, за мяшкамі з пяском нікога няма. Але побач – некалькі ўзброеных міліцыянтаў ля вялікага намёту выбарачна спыняюць машыны і правяраюць дакументы. Наш рэйсавы аўтобус для дагляду не спынілі. Пляцоўку ля аўтастанцыі патрулююць такія ж: у звычайнай сіняй форме, але з аўтаматамі, у вайсковых касках і бронекамізэльках. Па вуліцах раз’язджаюць бронемашыны. Мясцовыя рэагуюць на іх спакойна.

КПП у Глыбокім

«А, дык гэта вайна ў нас пачалася», – усміхаецца пажылы спадар на лавачцы.

Побач сядзяць кабеты і на пытанне, ці адчуваецца, што ў горадзе пачаліся вучэнні, адказваюць:

«Ну так, на ваенным становішчы мы цяпер. Як сцямнее, без пашпарту лепш не хадзіць».

Міліцэйскі патруль у касках і з аўтаматамі пераходзіць дарогу

Аказалася, у Глыбокім каменданцкая гадзіна дзейнічае ў Глыбокім ад сённяшняга дня. Гэта пацвердзіў і міліцыянт, якога мы сустрэлі на ганку раённай адміністрацыі. Грамадзян заклікаюць без неабходнасці не знаходзіцца на вуліцы з 22:00 да 6:00, мець пры сабе пасведчанне асобы і не перамяшчацца ўначы паміж населенымі пунктамі.

Абагнуўшы будынак адміністрацыі, натрапляем на маленькую пляцоўку, схаваную ад чужых вачэй зялёнай агароджай. Унутры – камуфляваная вайсковыя тэхніка, на даху – мяшкі з пяском і адзінокі вартаўнік у поўнай экіпіроўцы. Гэта – беларускія войскі. Расейскіх у Глыбокім тутэйшыя пакуль не бачылі. А за агароджай тэхніка, імаверна – машыны сувязі.

«Агароджа гэтая з’явілася тыдні два таму, тут,відаць, у іх вузел сувязі… Прыходзіла міліцыя адмыслова, папярэджвала, каб адразу паведамлялі пра рэчы без нагляду і г.д. Насамрэч, акрамя каменданцкай гадзіны асабліва ніякіх абмежаванняў мы не адчуваем…», – гаворыць прадавачка ў суседняй краме.

Пераходзім праз дарогу і спрабуем сфатаграфаваць будынак райвыканкаму ў нязвыклым вобразе. Вартаўнік адразу ж гэта заўважае. Праз некалькі хвілін, калі мы ўжо селі ў таксоўку, каб рушыць далей, машыну з двух бакоў абступілі міліцыянты з аўтаматамі і адчынілі дзверы аўто.

«Выйдзеце з машыны! – загадаў аўтаматчык, – Ведаеце, што ў нас каменданцкая гадзіна? Вы здымалі адміністратыўны будынак, гэта забаронена!»

Нас падрабязна апыталі, праверылі дакументы і перапісалі дадзеныя. Потым прапанавалі добраахвотна даць праглядзець запісы на тэлефоне. Пагаджаемся, але кадраў адміністрацыі яны там так і не знаходзяць.

«Можаце ехаць, але папярэджваем яшчэ раз: розныя правакацыйныя здымкі тут забароненыя!..»

Будынак Глыбоцкага райвыканкаму

Вяртаемся ў аўта. Кіроўца рэагуе на патруль з аўтаматчыкамі іранічна:

«Ну што яны там, з ІДЗіЛ змагаюцца? – смяецца ён, – Ведаеце, асабіста мне ўсе гэтыя вучэнні, каменданцкія гадзіны – па барабане!»

Раней мясцовыя СМІ паведамлялі, што ў Глыбокім будзе развернуты не толькі штаб, але і стралковы батальён тэрытарыяльнай абароны – дзеля яго камплектавання ў Глыбоцкім раёне мабілізавалі каля 200 запаснікоў. Цяпер усе яны знаходзяцца на тэрыторыі былога піўзаводу.

Ля месца іхняй дыслакацыі заўважаем калону запаснікоў, што рушыць кудысьці ў поўнай амуніцыі. Каля ўваходу застаюцца два байцы – аўтаматчык і афіцэр. На іх форме – бела-блакітныя шаўроны з гербам Глыбокага.

– Ніякіх размоў, уся інфармацыя закрытая, – рэзка кажа афіцэр, калі мы спрабуем распытаць яго пра вучэнні.

Каб не справакаваць напружання, пакідаем былы піўзавод і вяртаемся ў цэнтр горада. Раптам на галоўнай плошчы з’яўляюцца пажарная машына, хуткая дапамога і група жаўнераў. Пад дажджом стаяць людзі, якіх папрасілі тэрмінова пакінуць супермаркет «Еўраопт». Паводле легенды краму замініравалі. Пагутарыць з імі не ўдаецца – падыходзіць афіцэр і крычыць: «Так, супрацоўнікі міліцыі! Чаму ў вас тут людзі ходзяць?!»

Надыходзіць вечар, вуліцы Глыбокага пусцеюць – пачынаецца першая каменданцкая гадзіна першага дня вучэнняў «Захад-2017».

“Мініраванне” крамы

***
Сумесныя стратэгічныя манеўры «Захад-2017» працягнуцца да 20 верасня, у іх бяруць удзел 12 700 вайскоўцаў, з іх – каля 3 000 расейцы. Вучэнні адбываюцца на сямі палігонах у розных кропках Беларусі, а таксама ў Глыбокім і ля вёсцы Дрэтунь. Паводле афіцыйнай заявы Мінабароны, расейскія войскі мусяць пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасня.

Belsat.eu працягне серыю спецыяльных рэпартажаў з населеных пунктаў, набліжаных да палігонаў.

 

Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш

Глядзі таксама
Каментары