На памежжы з Расеяй рэйтынг Пуціна вышэйшы, чым беларускай улады


Рэйтынг Пуціна на беларускім памежжы з Расеяй вышэйшы за рэйтынг Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшоў Зміцер Міцкевіч, журналіст «Белсату», суаўтар серыі рэпартажаў «ПраСвету» пра людзей, якія жывуць на беларуска-расейскім памежжы, і рэдактар часопісу «Varta» пра нацыянальную бяспеку.

Адкуль узяць грошы на развіццё беларуска-расейскага памежжа? Колькі там зарабляюць беларусы? Як выглядае кантроль на мяжы Беларусі і Расеі? Ці ў Смаленску прадаюцца беларускія тавары? Адказы – у інтэрв’ю.

Ты нядаўна вярнуўся са Смаленшчыны, з камандзіроўкі. Што цябе найбольш шакавала ў гэтым памежным рэгіёне?
Насамрэч, найбольш мяне шакавала тое, што гэта не так жахліва, як у нас гэта ўяўляюць. Здавалася, заедзем і там будзе поўны жах, пабачым галечу, але не ўсё так жахліва.
То бок, рэальна ў параўнанні з Беларуссю, там сітуацыя выглядае лепей?
Прыклад, возьмем умоўна маленькі мястэчка побач з мяжою, Дуброўна, і параўнаем з невялічкімі расейскімі мястэчкамі побач з мяжою. Там ёсць нейкая прамысловасць, там нешта развіваецца і там людзі пачуваюць сябе больш вольнымі ў плане бізнесу. У іх ёсць больш магчымасцяў рабіць нейкія маленькія справы. І насамрэч іх не цікавіць уся гэта глабальная палітыка.
У Расеі, паколькі краіна вельмі вялікая, у іх вельмі моцная рэгіянальная павестка. Таму там развіццё малых рэгіёнаў насамрэч можа быць даволі добрым, таму што мясцовыя ўлады займаюцца сваймі справамі. Яны адносна незалежны ў некаторых пытаннях.
Недарма беларусы ездзяць туды на заробкі.
Так. Насамрэч у гэтых сямнаццаці памежных рэгіёнах з Расеяй практычна 1/3 людзей стала працуе ў Расейскай Федэрацыі. І гэта рэальна вельмі вялікі выклік для нас на дадзены момант.
У вашым часопісе Varta, які вы выдаяце і які, на жаль, нельга купіць у шапіках, але вы ўвесь час звяртаеце ўвагу на гэтую праблему беларуска-расейскай мяжы. Чаму для нас гэта так актуальна? Чаму так важна і чаму нашыя ўлады не звяртаюць увагі альбо прынамсі афіцыйна не паказваюць, што гэта для нас важная праблема?
Як раз праблема ў тым, што ўлады звяртаюць на гэта ўвагу, то бок, афіцыйна. Яны робяць заявы, расказваюць, што важна дабіцца развіцця ў пэўных рэгіёнах, ствараюцца нейкія праграмы, але гэта ўсё такія пацёмкінскія вёскі. То бок, практычна нічога не робіцца дзеля паляпшэння сітуацыі ў гэтым памежжы, дзеля таго, каб людзям банальна было там за што пражыць.
Галоўная праблема – гэта беспрацоўе?
Так, беспрацоўе і адсутнасць нейкіх перспектываў. У людзей заробак 200-300 рублёў, гэта звычайная справа, і людзі нейкім чынам выжываюць.
Выжываюць хіба толькі таму, што шмат хто з іх ездзіць у Расею. Як за пакупкамі, так і на заробкі. Як выглядае сама мяжа? Шмат кажуць пра тое, што Расея пачала ўзмацняць мяжу, якой фактычна не павінна быць паміж нашымі краінамі.
Фактычна там усталяваны аднабаковы памежны кантроль з боку РФ. Цяпер ён мае даволі лёгкую форму, кшталту, пакажыце ваш пашпарт, каб мы бачылі, што вы грамадзянін Беларусі, а не трэцяй краіны. Гэта ўжо стварае складанасці жыхарам трэціх краінаў, якія праз Беларусь хочуць уехаць у Расею. То бок, практычна гэтага не атрымаецца.

Гэта негатыўна паўплывае на магчымасці Беларусі як транзітнай краіны. Плюс мы бачым, што Расея пастаянна гэтае пытанне ўздымае, і яны кажуць, што будуць далей усталёўваць гэтую мяжу. Пакуль выглядае так, што мы дачакаемся, што Расея ўсталюе ў аднабаковым парадку абсалютна цалкавіты памежны кантроль. Для беларускай улады гэта будзе вельмі непрыемным сюрпрызам.

Але Расея ўзмацняе мяжу не толькі на гэтым беларускім кавалку, а ўзмацняе агулам. Як гэта адносна агульнай палітыкі Расеі – гэта частка агульнарасейскай палітыкі ці сапраўды хочуць адгарадзіцца ад Беларусі?
Яны проста хочуць усталяваць нармальную мяжу з усімі краінамі, з якімі мяжуюць. То бок, каб былі нейкія адзіныя нормы дзеля таго, каб лепей кантраляваць сітуацыю ў сваёй краіне. Ім гэта патрэбна ў рамках агульнарасейскай палітыкі. Вядома, тут ёсць фактар канкрэтнага ціску на Беларусь, паколькі ў Расеі выдатна разумеюць, наколькі эканоміка нашых памежных рэгіёнаў залежыць ад РФ.
Яны выдатна разумеюць, што для нас значыць Расейскі транзіт. Колькі кантрабанды ідзе ў абодва бакі, гэта проста неймаверныя лічбы. Таму ў Расеі гэта таксама могуць ужыць у якасці рычагу ціску на беларускія ўлады і Беларусь у прынцыпе.
А што перадусім ідзе кантрабандай, і ці насамрэч кантрабанды так шмат, што варта на яе звяртаць увагу?
У першую чаргу мы кажам, што практычна манапалізаваны рынак кантрафактнага алкаголю ў Беларусі і Расеі. Гэта вельмі важны момант. Таксама беларускія цыгарэты ідуць у РФ. З Расеі алкаголь, туды – цыгарэты. Плюс прадукты харчавання. Шмат шляхоў абыходжання гэтага памежнага кантролю зроблена дзеля таго як раз такі.
Пакуль існуюць гэтыя шляхі абыходжання памежнага кантролю, і беларусы пакуль нешта нейкім чынам могуць зарабіць. Таму што нават ты прыязджаеш у любы такі памежны горад і там будуць кропкі, дзе гандлююць расейскімі таварамі.
Вы бачылі такое, калі былі там?
Мы не проста бачылі, мы рабілі кантрольны закуп.
Нягледзячы на тое, што мяжа ўшчыльняецца, сувязі эканамічныя легальныя і паўлегальныя вельмі цесныя паміж гэтымі памежнымі рэгіёнамі. А што датычыць палітычных настрояў? Як людзі на Смаленшчыне ставяцца да выбараў, як збіраюцца галасаваць? Ці нейкае рэха прыходзіць у Беларусь?
Тут рэха ў першую чаргу прыходзіць не праз менавіта выбары, а праз Дзень Расеі, то бок, праз інфармацыйную палітыку Расеі, таму што рэйтынг Пуціна ў беларускіх памежных рэгіёнах будзе значна вышэйшы, чым рэйтынг дзейнай беларускай улады. Гэта адзін з вялікіх выклікаў для нас.
Для беларускіх уладаў.
Для беларускіх уладаў і Беларусі ў прынцыпе. Бо гэты фактар можа выкарыстоўвацца ў якасці дэстабілізуючага. Зноў жа дастаткова будзе Расеі на будучых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі проста фармальна паказаць падтрыманне нейкага іншага кандыдата, а не Лукашэнкі.
То бок, гіпатэтычна гэта можа даць нам нейкую падставу нават для Данбаскага сцэнару.
Гэта не тое, што Данбаскі сцэнар. Можа быць проста такі знак, бо Лукашэнка праз усю сваю гісторыю выступаў у якасці такога правадніка паміж Беларуссю і Расеяй. Можна сказаць, ён манапалізаваў адносіны з РФ. Ён казаў, што з’яўляецца гарантам добрых адносінаў з Расеяй для Беларусі. І таму калі Расеі будзе дастаткова нейкай фармальнай сустрэчы ўмоўнага кандыдата Васіля з Пуціным, будзе дастаткова для нармальнай дэстабілізацыі ўсёй дзяржаўнай беларускай сістэмы, якая проста не будзе ведаць, што рабіць.
Як рэагаваць на такое развіццё падзей. У Беларусі, думаю, гэта пачынаюць разумець. Пытанне, што мы можам з гэтым рабіць. Ці гатовыя ўлады ісці на такія крокі? Нам трэба разумець, што гэта мяжа будзе. Нам з гэтым трэба жыць.
Трэба прымаць крокі ў адказ.
Так, трэба.
А што ўлады маглі б рэальна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю?
Рэальна, гэта тое, што мы ўжо прапаноўвалі ў Belarus Security Blog – стварэнне спецыялізаванай камісіі па развіцці гэтых памежных рэгіёнаў, якая б займалася аналізам мясцовых праблем і выпрацоўваннем магчымых шляхоў развіцця. Зноў жа грошы на працу падобнай камісіі і на магчымыя інвестыцыі ўзяліся б з тых 250 мільёнаў долараў, якія Беларусь штогод губляе праз кантрафактны расейскі алкаголь.
Смаленшчына – гэта этнічна беларускія тэрыторыі. Мы заўсёды з такім сентыментам кажам пра тое, што гэта ў тым ліку і беларускія землі. Ці вы заўважылі нейкія прыкметы таго, ці нейкія сляды засталіся? Што ёсць беларуская мова, акцэнт, прымаўкі, нешта яшчэ ці яны проста любяць беларускія тавары?
Асноўнае, што мы заўважылі, гэта поўная акупацыя Смаленску беларускімі таварамі. Яны проста на кожным кроку. Пры гэтым людзі выказваюцца вельмі пазітыўна на гэты конт. Ім вельмі падабаюцца беларускія тавары. Яны ўсе іх набываюць, яны лічаць іх больш якаснымі. Таксама гэта яшчэ адзін вельмі важны паказнік. Калі ў нас людзі набываюць расейскія тавары таму, што яны больш танныя.
У Расеі людзі набываюць беларускія тавары таму, што яны даражэй, але яны якасныя. Гэта проста такі вельмі добры індыкатар, у якім кірунку ідзе развіццё гэтых вобласцяў.
І паказнік узроўню жыцця.
Так.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Стужка навінаў