На палігоне «Даманаўскі» беларускія СПА адбілі «паветраную атаку»


У аўторак, 19 верасня, у Івацэвіцкім раёне на палігоне «Даманаўскі» у межах «Захаду-2017» падраздзяленні беларускай СПА адпрацавалі адбіццё ўдараў ВПС умоўнага ворага.

Як паведамляюць у Мінабароны, у групу СПА на палігоне ўваходзіла змешанае падраздзяленне 115-га зенітна-ракетнага палка (Берасце) у складзе дывізіёна С-300 і зенітнай батарэі «Оса».

У вучэннях на «Даманаўскім» прымалі ўдзел таксама самалёты і верталёты (гэта добра было бачна з вёскі Волька – бліжэйшага да палігону населенага пункту), але ў паведамленні Мінабароны нічога пра баявую авіяцыю згадваецца. Не паведамляюць у абаронным ведамстве і пра тое, якія расейскія падраздзяленні ўдзельнічалі ў вучэннях на «Даманаўскім».

У самой вёсцы Волька на працягу ўсіх вучэнняў расейскія вайскоўцы не з’яўляліся. Падчас манеўраў на ўскрайку Волькі нясуць варту некалькі патрулёў беларускай вайсковай камендатуры, а таксама Jeep Patriot з берасцейскім АМАПам. Яны правяраюць дакументы ў прыезджых і сочаць за тым, каб ніхто не пайшоў на палігон.

Збіраць ягады ды грыбы вяскоўцам забаронена – адпаведную абʼяву расклеілі па вёсцы яшчэ некалькі тыдняў таму. Да вучэнняў мясцовыя жыхары ставяцца ў асноўным абыякава. Людзі сталага веку кажуць, што ў параўнанні з савецкім часам стральба на палігоне не моцная і асабліва нікому не перашкаджае.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў