На новым геральдычным знаку Шклова назва горада напісана толькі на расейскай мове


У Шклове ўсталявалі новы геральдычны знак – герб гораду на 11-метровай стэле. На ўрачыстым адкрыцці знаку заяўлялася, што ён стане яшчэ адной пазнавальнай адметнасцю райцэнтру. Рупліўцы беларушчыны тым часам звяртаюць увагу на непаважлівае стаўленне чыноўнікаў да беларускай мовы і мясцовай гісторыі, піша belapan.by

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

На геральдычным знаку назву гораду падалі толькі па-расейску, а ў якасці даты першай летапіснай згадкі пазначылі год, калі Шклоў спалілі маскоўскія войскі. Гэтак сцвярджала савецкая гістарыяграфія.

У савецкія часы лічылася, што ўпершыню Шклоў згадалі ў 1535 годзе. Горад тады захапіў і спаліў маскоўскі ваявода Васіль Шуйскі. Гэтую дату і пазначылі на пастаменце новай шклоўскай славутасці. На ўрачыстым адкрыцці знаку не згадвалі, што за падзея адбылася ў Шклове ў 1535 годзе.

«Атрымліваецца парадокс, – зазначае шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна. – Горад спалілі ў 1535 годзе, і лічыцца, што тады яго і заснавалі. Дык гэта бязглуздзіца нейкая. Гэта дата перадалася Шклову з савецкіх часоў. І дагэтуль яе выкарыстоўваюць, нібыта працягваюць жыць у Савецкім Саюзе».

Аляксандр Грудзіна кажа, што на пачатку 1990-х гадоў браў удзел у рыхтаванні раённай хроніка-дакументальнай кнігі «Памяць». Паводле яго, ужо тады былі вядомыя ранейшыя даты, калі Шклоў згадвалі ў пісьмовых крыніцах. Напрыклад, 1520 год. Тады пра горад падчас свайго падарожжа ў Масковію пісаў аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд фон Гэрбэрштайн.

Чаму вырашылі шклоўскія чыноўнікі прыняць за дату заснавання гораду той год, калі яго спалілі, Аляксандр Грудзіна патлумачыць не можа. Аднак выказвае меркаванне, што «такі падыход сведчыць пра абыякавае стаўленне да мясцовай гісторыі тых людзей, якія прымалі рашэнне аб устанаўленні геральдычнага знаку».

«Чыноўнікам трэба было больш адказна падысці да прыняцця рашэння адносна надпісаў на гэтым знаку», – кажа Аляксандр Грудзіна.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

У Шклоўскім краязнаўчым музеі з меркаваннем краязнаўцы не пагадзіліся. Заявілі, што афіцыйнай датай заснавання гораду дагэтуль лічыцца 1535 год.

«Цяпер ідзе працэс старэння гораду. Так, археолагі адшукалі артэфакты, якія пацвярджаюць, што Шклоў старэйшы. Аднак афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Таму год заснавання гораду – 1535», – кажуць у музеі.

Адзінае слова на геральдычным знаку – «Шклоў» – напісалі па-расейску. У райвыканкаме на просьбу патлумачыць, чаму няма беларускага адпаведніку, заявілі: «У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская. Таму і выбралі расейскую».

Жыхара Шклова, намесніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, факт, як ён кажа, непаважлівага стаўлення шклоўскіх чыноўнікаў да беларускай мовы не здзіўляе. Паводле яго, на ўездзе ў горад даўно пазнікалі надпісы на беларускай мове.

«Ужо даўно заўважыў, што на мерапрыемствах, якія ладзіць мясцовая ўлада, беларуская мова выцясняецца. Уязныя знакі рускамоўная дык стаяць усюды. Людзям, якія маюць уладу ў райвыканкаме, да лямпачкі, як гэты новы геральдычны знак будзе выглядаць: будзе ён адпавядаць гістарычным фактам ці не. Паставілі, зрабілі свята, і ўсё. Гэта сведчыць, што ў Шклове не беларуская ўлада. Адпаведна, робіцца ўсё, каб умацаваць у жыхароў прарасейскае бачанне гісторыі іх гораду», – заяўляе Рыгор Кастусёў.

Партыец заўважае, што на геральдычным знаку няма згадкі пра магдэбургскі перыяд шклоўскай гісторыі, а герб, які на знаку, кажа ён, далі Шклову менавіта ў тыя часы.

Паводле Кастусёва, ад імя нефармальнай суполкі «Шклоўскі магістрат» дасылалі зварот да мясцовай улады з прапановай разам абмеркаваць гістарычнае значэнне Магдэбургскага права для Шклова. Чыноўнікі адпісалі, што зварот, дасланы ім, не адпавядае закону «Аб масавых мерапрыемствах».

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Шклоў – адзіны горад на Магілёўшчыне, у якім за савецкім часам не разбурылі знак магдэбургскага мінулага – будынак ратушы. Калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, то гэты занядбаны на той час будынак адрамантавалі. Гравюра ратушы з гандлёвымі радамі на новым геральдычным знаку ёсць.

Рыгор Кастусёў не выключае, што звернецца да Аляксандра Лукашэнкі, каб абараніць ад шклоўскіх чыноўнікаў і беларушчыну, а таксама дамагчыся выпраўлення моўных і гістарычных хібаў на геральдычным знаку.

belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў