На незалежных журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонову склалі яшчэ адзін пратакол


Суд над берасцейскім журналістам Алесем Ляўчком (на фота) па артыкуле 23.4 КаАП РБ перанесены на 12 красавіка, таксама журналіст даведаўся, што супраць яго і аператаркі Міланы Харытонавай распачаты яшчэ адзін адміністратыўны працэс.

Вечарам у чацвер, 6 красавіка, Алесь Ляўчук у сваёй паштовай скрыні знайшоў ліст, з якога журналіст даведаўся, што яго будуць судзіць 7 красавіка ў судзе Кобрынскага раёну. Таму Ляўчук папрасіў суд даць магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі справы, і даць магчымасць звярнуцца па юрыдычную дапамогу, заключыць дамову з адвакатам на ажыццяўленне абароны. Суд журналісту не адмовіў. Чарговае судовае паседжанне ў Алеся Ляўчука адбудзецца 12 красавіка ў 9.15 у судзе Кобрынскага раёну. На наступны дзень адбудзецца суд над Міланай Харытонавай.

У зале суда журналісты атрымалі позвы з патрабаваннем зʼявіцца ў Кобрынскі РАУС, для складання яшчэ аднаго пратакола па артыкуле – 22,9 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі). Ляўчука і Харытонаву абвінавацілі ў працы на Белсат.

Журналісты «Белсату» Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава былі жорстка затрыманыя невядомымі людзьмі ў цывільным 18 сакавіка ў Кобрыне. Акрамя грубага затрымання ў журналістаў была канфіскавана прафесійная тэхніка.

На Ляўчука і Харытонаву былі складзены адміністратыўныя пратаколы па артыкуле 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

«Мы бачым як міліцыя пачала паляванне на незалежных журналістаў, якія паказваюць рэальнае становішча, якое ёсць у Беларусі. Пры гэтым міліцыя і суды адчуваюць поўную ўсёдазволенасць. Такое адчуванне, што яны атрымалі каманду фас. Тое што адбываецца з маёй сям’ёй гэта гэта парушэнне маіх правоў, гэта фактычна забарона на прафесію». – заявіў Белсату Алесь Ляўчук.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў