На мяжы затрымалі журналіста Змітра Галко


Ён ехаў у Менск са Львова.

Сёння журналіста і блогера Змітра Галко затрымалі на беларускім баку пры перасячэнні мяжы з Украінай. Пра гэта паведаміла Юлія Гаркуша, ягоная жонка, у «Фэйсбуку».

«Зміцер усё ж паехаў у Менск, разруліць сітуацыю з падатковай і, вядома ж, пабачыць сына, але да Менску не даехаў, яго арыштавалі», – напісала яна.

«Наша Ніва» піша, што Зміцер Галко знаходзіцца ў Столінскім РАУСе.

Міліцыя не пацвердзіла «Белсату», што затрыманы знаходзіцца ў іх.

«Я не ў курсе, каго нам дастаўлялі. Грамадзяне, якія знаходзяцца ў ізалятары, мне не прадстаўляюцца. Кіраўніцтва будзе ў панядзелак – тады і тэлефануйце», – сказаў дзяжурны Столінскага РАУСу.

Змітра Галко абвесцілі ў вышук як падазраванага паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Летась у лістападзе Ян Галко, непаўналетні сын Змітра, адзначаў дзень нараджэння, дзе прысутнічаў бацька.

Паводле міліцыянтаў, у кватэры была гучная музыка, таму нехта выклікаў участковага. Калі з’явіўся ўчастковы, у яго нібыта адбылася сутычка са Змітром, у выніку якой разбіўся мабільны тэлефон міліцыянта.

Пасля гэтага на імпрэзу прыехаў АМАП. Адзін з падлеткаў паспрабаваў уцячы, скочыў з балкона і зламаў нагу.

Сам Галко казаў, што проста ўзяў міліцыянта за рукі, ніякай бойкі не было.

Неўзабаве пасля здарэння журналіст з сынам з’ехаў у Марыупаль, дзе жыве ягоная жонка. Праз нейкі час сын вярнуўся на радзіму, цяпер вырашыў паспрабаваць і бацька.

Змітру Галко можа пагражаць да 6 гадоў зняволення.

Год таму журналіст быў госцем праграмы «Белсату» «Размова з Усеваладам Сцебуракам».

ДД

Стужка навінаў