На мяжы затрымалі 440 папугаяў: ці птушак сапраўды спаляць?


У памежнікаў і ветэрынараў – розныя версіі лёсу канфіскаваных на беларуска-украінскай мяжы птушак.

9 лютага на дарозе Глушкевічы – Мікашэвічы мазырскія памежнікі спынілі ў памежнай зоне Opel, якім кіраваў 38-гадовы жыхар Баранавічаў. У аўтамабілі аказалася больш за 440 птушак – амадынаў, хвалістых і німфавых папугаяў ды разэлаў. Дакументаў на іх не было.

Праз падазрэнне ў кантрабандзе памежнікі канфіскавалі птушак і распачалі праверку.

У 2008 годзе падобны прэцэдэнт скончыўся спальваннем канфіскаваных птушак. Тады, гэта патлумачылі пагрозай птушынага грыпу:

«Мы не сталі рызыкаваць. Птушак усыпілі, а затым спалілі ў спецыяльнай печы. Цяпер ад іх засталася жменька попелу», – заявіў тады прадстаўнік ветслужбы Берасцейскай мытні.

Ні да, ні пасля ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнага выпадку птушынага грыпу.

Лёсам канфіскаваных на гэтым тыдні папугаяў занепакоілася беларуская партыя «Зялёных»:

«Прэс-афіцэр Памежнага камітэту паведаміў нам, што птушкі перададзеныя гаспадару. Гаспадар аштрафаваны. Адначасова мы тэлефанавалі ва Упраўленне дзяржветнагляду на дзяржаўнай мяжы і транспарце», дзе нам паведамілі, што птушак перадалі ў Лельчыцкую ветэрынарную службу», – распавядае Настасся Дарафеева з партыі «Зялёных».

Эколагі прапанавалі ветэрынарам дапамогу ў апецы над канфіскаванымі птушкам:

«Уладзімір Піліпончык з ветнагляду сказаў, што ў такім выпадку птушкі падлягаюць знішчэнню. Мы запыталіся пра кармленне, бо нашыя валанцёры гатовыя даць корм і інструкцыі, як птушак карміць. Нам адказалі, што іх не абавязаныя карміць: гэта справа гаспадара».

«Пра гаспадара мы нічога не ведаем, памежнікі не даюць ніякай інфармацыі. Імаверна, гэта кантрабандыст, які спрабаваў нелегальна ўвезці іх у Беларусь», – кажа Дарафеева. Інфармацыю ёй параілі чакаць у крымінальных навінах па тэлебачанні:

«У Лельчыцкай ветслужбе нам заявілі, што лёс птушак будзе вырашаны заўтра і параілі глядзець «Зону Х» – мы спрабуем зразумець, што б гэта азначала», – кажа Настасся Дарафеева.

Жанчына дадае, што «Зялёныя» прапануюць памежнікам аддаць птушак у дзіцячыя дамы або іншыя адукацыйныя ўстановы, батанічныя сады ці нават заапаркі. Валанцёры партыі гатовыя прымаць удзел у далейшым лёсе жывёлаў.

Спрабуючы разабрацца ў сітуацыі, «Белсат» звязаўся з Мазырскім памежным атрадам. Каментар там даваць адмовіліся:

– Без каментароў.

Чаму?

– Не ўпаўнаважаныя.

А хто ўпаўнаважаны?

– У вас яшчэ нешта?

Хто можа даць інфармацыю, што цяпер з птушкамі?

(Кладуць слухаўку.)

Галоўны ветэрынар Лельчыцкай ветслужбы кажа, што птушкі ў яго:

«Жывыя, здаровыя, ядуць, пʼюць вадзічку. Далей без каментароў».

Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю спецыялістаў грамадскага абʼяднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

«У Мазыры былі затрыманыя, напрыклад, разэлы, якія ахоўваюцца СІТЭС (Канвенцыяй пра міжнародны гандаль відамі дзікай флоры і фаўны, што знаходзяцца пад пагрознай знікнення.«Белсат»), а Беларусь падпісала гэту канвенцыю. Шкада, калі спаляць нават звычайных папугаяў, але калі спаляць рэдкіх птушак – гэта, наагул, крымінал», – кажа арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі.

З мінулага года ў Беларусі ўведзена крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі і праваахоўныя органы надзелены правам складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле арт. 15.45 КаАП РБ.

ДД; фота: Дзяржаўны памежны камітэт

Стужка навінаў