На мяжы з Беларуссю правялі турнір на Кубак першага прэм’ера БНР


У Кузніцы на Падляшшы, недалёка ад польска-беларускай мяжы, адбыліся імпрэзы, прысвечаныя першаму прэм’еру БНР Язэпу Варонку, які паходзіў акурат з гэтага мястэчка.

Язэпа Варонку прыгадваюць у Кузніцы ўжо другі год запар, падае радыё «Рацыя». Сёлета праграма крыху мадэрнізавалася: у мясцовым комплексе школ перад урачыстым адкрыццём адбыўся футбольны турнір на Кубак Язэпа Варонкі.

Яго ўдзельнікі – маладыя людзі і студэнты з Падляшша, Беларусі, Украіны, частка з іх навучаецца ў Белай Падляскай на аддзяленні фізічнай культуры. І хоць перамагла каманда, якая грала за Беласток, то Кубак вырашылі сімвалічна перадаць у Белую Падляскую.

Сам Кубак вырабіў вядомы на Падляшшы майстар-разбяр Уладзімір Наўмюк з вёскі Канюкі.

Удзел ва ўрачыстай частцы ўзяло шмат маладых людзей, у тым ліку сябры Беларускага Аб’яднання Студэнтаў і навучэнцы беларускага ліцэю ў Бельску Падляскім, якія прыехалі разам са сваймі настаўніцамі і дырэктарам ліцэю Андрэем Сцепанюком.

Навучэнка ліцэю Аляксандра Варшыцкая адзначыла: «Гэта вельмі важна, каб працягваць традыцыю святкавання Дня Волі. Гэта важны дзень, і шмат маладых людзей павінны яго святкаваць, гэта падстава свабоднай Беларусі».

У час імпрэзы адбыўся прагляд дакументальнага фільму «Дзень Волі» Уладзіміра Арлова і Юрыя Хашчавацкага. Прысутных прывітала прадстаўніца арганізатараў – Таварыства «Гай» – Іяланта Мордань: « Важна ўдзельнічаць у гэтым спатканні, прысвечаным Язэпу Варонку, выдатнаму чалавеку ў гісторыі нашай зямлі, які нарадзіўся тут, на Сакольшчыне. Кузніца – гэта месца, якое ўвогуле спалучае людзей з абодвух бакоў мяжы, таксама спалучае цяперашні час і слаўнае мінулае нашай зямлі».

Аздобіў сустрэчу ў Кузніцы выступ гарадзенскага гурта «Дзецюкі». Прадстаўнік калектыву Алесь Дзянісаў адзначыў: «У Горадні Кузніца асацыюецца з памежным бізнесам, і таму вельмі добра, калі тут адбываюцца такія культурніцкія з’явы. І такія канцэрты паказваюць, што не толькі такія беларусы існуюць, і далёка не лепшыя прадстаўнікі прыязджаюць і займаюцца кантрабандай. Кожная культурніцкая імпрэза дае магчымасць сказаць, што Беларусь – яна розная».

МЯ, паводле racyja.com

Стужка навінаў