На мяжы Беларусі з Еўразвязам за год затрымалі 850 нелегалаў


Памежныя службы Латвіі, Літвы ды Польшчы распавялі, колькі нелегалаў злавілі на мяжы з Беларуссю.


За год на мяжы Беларусі з Еўразвязам затрымалі больш за 850 нелегалаў, 200 з якіх – беларусы.

Пра гэта сведчаць дадзеныя, атрыманыя Belsat.eu ад памежных службаў Латвіі і Літвы, а таксама апублікаваныя на сайце памежнай службы Польшчы.

Цікава, што падчас міграцыйнага крызісу, які перажывае Еўропа, на мяжы Еўразвязу з Беларуссю лічбы стабільныя. Для параўнання: год таму памежнікі Латвіі, Літвы і Польшчы затрымалі 824 нелегалы, сярод якіх было 202 беларусы.

«Гэтыя лічбы малыя, і бачна, калі ўзяць дынаміку за апошнія 7-10 гадоў, яны амаль не змяняюцца. Гэта сведчыць пра тое, што ўсходнія рубяжы Еўразвязу і ўвогуле ўчастак беларуска-еўрапейскай мяжы даволі добра ахоўваецца і не зʼяўляецца папулярным маршрутам для нелегальным мігрантаў у Еўрапейскі саюз», – адзначае эксперт па пытаннях міграцыі Андрэй Елісееў.

Разам з тым, паводле памежнікаў Латвіі і Польшчы, колькасць затрыманых нелегалаў на мяжы з Беларуссю за год павялічылася: з 74 да 175 у Латвіі і з 352 да 415 у Польшчы. А вось літоўскія памежнікі затрымалі ў паўтара разы менш нелегалаў, якія прыйшлі з Беларусі: 264 чалавекі летась супраць 389 у пазамінулым годзе.

Прэс-афіцэр Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рокас Пукінскас адзначае павелічэнне колькасці парушальнікаў мяжы з Вʼетнаму.

«Адна з прычынаў – расейскі рубель. Ён таннее, і шмат якія вʼетнамцы, якія, напрыклад, у Расеі працавалі на будоўлі, не атрымліваюць грошай, іх падманваюць, з імі не могуць разлічыцца. І яны проста мігруюць праз Літву ці Польшчу далей у пошуках лепшых умоваў жыцця», – заўважае Рокас Пукінскас.

І пры гэтым дадае, што ўсе беларусы, якія спрабавалі незаконна перасекчы мяжу, былі звязаныя з кантрабандай.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары