На месцы падзення самалёта з беларускімі цыгарэтамі на Валыні знайшлі два целы


На месцы падзення самалёта Ан-2 з беларускімі цыгарэтамі, які разбіўся 26 сакавіка ў вёсцы Прамень Луцкага раёну на Валыні, знайшлі два абгарэлыя целы.

Пра гэта гаворыцца на сайце Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, паведамляе pravda.com.ua.

«Паводле папярэдніх вынікаў агляду месца падзення ў самалёце загінулі два чалавекі», – гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з інфармацыяй, эксперты Нацыянальнага бюро Украіны па расследаванні авіяцыйных здарэнняў і інцыдэнтаў з грамадзянскімі паветранымі судамі праводзяць агляд месца здарэння.

Зараз агляд спынены ў сувязі з пагаршэннем бачнасці. Месца здарэння міліцыя ўзяла пад ахову.

«Падчас абследавання месца падзення самалёта эксперты знайшлі астанкі двух абгарэлых целаў«, – удакладнілі ў міліцыі.

Па факце аварыі адкрыта крымінальная вытворчасць.

У міліцыі нагадалі, што самалёт упаў 26 сакавіка а 5 гадзіне раніцы на тэрыторыі вёскі Прамень Луцкага раёну Валынскай вобласці.

Падчас падзення самалёт пашкодзіў дах жылога дому і агароджу каля яго. Пілот самалёта і пасажыр загінулі на месцы. Украінская міліцыя высвятляе, кім былі загінулыя. Пацярпелых сярод жыхароў вёскі няма.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў