На месцы Лоеўскай бітвы 1649 года актывісты зладзілі талаку


366 гадоў таму, на гэтым месцы адбылася адна з самых вялікіх бітваў часоў вайны Рэчы Паспалітай з паўстанцкімі войскамі Багдана Хмяльніцкага – гэтак званая Лоеўская бітва 1649 года. Тады, сямітысячнае войска Януша Радзівіла разбіла казакоў, якіх было больш у пяць разоў. Мясцовыя актывісты з нагоды гадавіны перамогі правялі талаку: прыбралі тэрыторыю і ўсталявалі новы металёвы крыж у памяць пра загінулых.

ЛІДЗІЯ ЛЕШЧАНКА, УДЗЕЛЬНІЦА ТАЛАКІ:

«Я сама з Лоева і я хачу, каб мае дзеці, унукі, праўнукі, ведалі, што была тут такая вялікая бітва, і што Лоеў не проста нейкае маленькае мястэчка, у якім нічога не адбываецца».

Паводле гісторыка і краязнаўцы Мікалая Анісаўца, гэтыя мясціны адныя з нешматлікіх, якія захаваліся менавіта з часоў 17-га стагоддзя некранутымі.

МІКАЛАЙ АНІСАВЕЦ, ГІСТОРЫК, КРАЯЗНАЎЦА:

«Мы зараз на стане Януша Радзівіла. Які захаваўся. І магчыма, гэта адзіная такая фартыфікацыйная пабудова, якая захавалася наагул у Еўропе. Палявая менавіта».

Валанцёры, гісторыкі ды краязнаўцы не першы год змагаюцца за тое, каб гэтая зямля мела турыстычнае значэнне, аднак улады, як гэта часта бывае, папросту не заўважаюць яе відавочнага турыстычнага патэнцыялу.

МІКАЛАЙ АНІСАВЕЦ, ГІСТОРЫК, КРАЯЗНАЎЦА:

«Гэта памятнае месца, яму трэба надаць статус належны. Ахоўваць дзяржаваю. Зрабіць сюды пад’езды, каб маглі турысты пад’ехаць як з Украіны, так і з Беларусі».

Напрыканцы талакі ўдзельнікі зрабілі сімвалічнае фота на фоне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу, які ў 1994 годзе быў зняты з Лоўскага райвыканкаму і схаваны мясцовым краязнаўцам, з надзеяй у хуткім часе зноў вярнуць яго на былое месца.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў