На менскія перамовы па Данбасе не пусцяць журналістаў


Кантактная група па Украіне збярэцца ў Менску з 24 па 26 снежня, каб абмеркаваць выкананне ранейшых дамоўленасцяў і вызваленне ваеннапалонных і закладнікаў.

Аднак журналісты на сустрэчы не патрапяць.

«Беларускі бок пацвярджае, што ў Менску адбудуцца чарговыя сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Што тычацца перамоваў, якія адбудуцца ў Менску 24 снежня, то згодна з рашэннем кантактнай групы, гэтыя перамовы пройдуць у закрытым для прэсы рэжыме», – паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на прэс-сакратара беларускага МЗС Дзмітрыя Мірончыка.

Міністр замежных справаў Украіны Павел Клімкін кажа, што падчас перамоваў 24-26 снежня плануецца дамовіцца пра выкананне ранейшых дамоўленасцяў. Таксама – пра вызваленне ваеннапалонных і закладнікаў.

Першая сустрэча кантактнай групы па Украіне адбылася ў Менску 31 ліпеня, а ў канцы жніўня сталіцу Беларусі вырашылі зрабіць рэгулярнай пляцоўкай для сустрэчаў кантактнай групы АБСЕ-Украіна-Расея.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў