На мазаны блін і кот па-другому глядзіць. Колькі Лукашэнка пазычыў у Расеі ды чаму нас чакае грэцкі сцэнар?


Расейскія крэдыты для Беларусі амаль як смятана для ката. Праўда, для коцікаў смятана – ласунак, а для беларускай эканомікі крамлёўскія грошы – доза для наркамана.

Улады Беларусі ў чарговы раз звярнуліся да расейскага ўраду з просьбай аб прадастаўленні крэдыту ў тры мільярды долараў на рэфінансаванне доўгу. Пра гэта журналістам паведаміў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў. Урад Беларусі таксама спадзяецца атрымаць 3,5 мільярды ад Міжнароднага валютнага фонду.

«Пытанне вырашыцца, і яны (Беларусь) атрымаюць свае грошы», – упэўнена заявіў намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Строчак.

Не бяры і не прасі, а то будзе, як у Грэцыі

«Я б не даваў крэдыту ўраду Беларусі, а ўрад не мусіць яго браць. Абрастаючы крэдытамі, Беларусь мае ўсе шанцы паўтарыць шлях Грэцыі», – сказаў былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у размове з belprauda.org.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Такога ж меркавання прытрымліваецца і фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб«Трэба мець на ўвазе, што калі Беларусь не атрымае расейскі крэдыт, то ў наступным годзе мы не зможам абслугоўваць дзяржаўнага доўгу. Дзеля гэтага будзе недастаткова нават нашага золатавалютнага рэзерву. Мы бярэм у Расеі новыя крэдыты, каб аддаваць старыя, і ў выпадку, калі Масква адмовіцца нам пазычаць, мы можам аказацца на мяжы банкруцтва», – патлумачыў эксперт у размове з belsat.eu.

Вонкавы доўг Беларусі складае каля $ 22 млрд

Паводле Міністэрства фінансаў Беларусі, на 1 студзеня 2015 г. дзяржаўны вонкавы доўг нашай краіны склаў $ 12,6 млрд. Але, калі ўлічваць даўгі з урадавымі гарантыямі ў тым ліку прадпрыемстваў, ў якіх дзяржава валодае больш чым 50 % акцыяў, памер доўгу можа дасягнуць $ 22 млрд, – лічыць Станіслаў Багданкевіч.

Колькі набралі і колькі аддалі?

У 2014 г. Беларусь пазычыла ў расейскіх банках і ва ўраду РФ $ 4,5 млрд. Цягам мінулага года мы аддалі галоўнаму крэдытору «беларускай стабільнасці» $ 2,7 млрд.

Сёлета Беларусь сплаціла за крэдыты ад расейскага ўраду толькі $ 125 млн. Пры гэтым мы аддалі Антыкрызіснаму фонду ЕўрАзЭС $ 88 млн., кітайскім банкам пералічылі каля $ 80 млн., Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця $ 7,5 млн.

Варта адзначыць, што ў 2014 г. дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 28,2%, паведамляе Міністэрства фінансаў Беларусі.

Цягам 2015 г. беларусы мусяць аддаць крэдыторам больш за $ 4 млрд

На гэты год прыпадае пік валютных плацяжоў па дзярждоўгу. Найбольшы аб’ём вонкавых валютных плацяжоў пойдзе на пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу ($ 1,2 млдр), што ўтварыўся ў сувязі з выпускам Беларуссю пяцігадовых еўрааблігацыяў у 2010 г. Абслугоўванне і пагашэнне вонкавага доўгу ў 2015 г. будзе каштаваць нам каля $ 3,1 млрд. Яшчэ адзін мільярд давядзецца выдаць на абслугоўванне і выплату ўнутранага валютнага доўгу.

Да канца 2015 г. Беларусь мае пералічыць расейскім крэдыторам $ 635 млн, Антыкрызіснаму фонду ЕўрАзЭС $ 452 млн., Кітаю $ 300 млн., Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця $ 122,5 млн. і $ 121 млн. Венесуэле.

Альтэрнатыва расейскім крэдытам

Дапамагчы беларускай эканоміцы гатовы Міжнародны валютны фонд, што праўда, наўзамен на крэдытаванне гэтая арганізацыя просіць правесці ў краіне глыбокія структурныя рэформы. Каб атрымаць фінансавую дапамогу ад заходніх крэдытораў ў памеры $ 3,5 млрд, беларускі ўрад разам з Сусветным банкам распрацаваў «дарожную мапу» па пераходзе на новыя эканамічныя рэльсы. Толькі ці прызнае паразу беларускай эканамічнай мэдэлі беларускі палітык нумар адзін?

«Сярод членаў і беларускага ўраду і Нацбанку ёсць людзі, якія бачаць патрэбу ў такіх рэформах. …Аднак, нават у МВФ разумеюць, што такія рашэнні прымаюцца ў Беларусі на самым версе. Пайсці шляхам рэформаў няпростая задача, бо вельмі цяжка прызнацца сабе ў тым, што беларуская мадэль, якой мы так ганарымся, не працуе», – кажа фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў