На маладафронтаўцаў напалі агрэсіўныя ІПэшнікі


Валанцёры, якія прыбіралі Курапаты, сутыкнуліся з нечаканай агрэсіяй з боку групы прадпрымальнікаў.

Інцыдэнт здарыўся ў суботу 16 ліпеня. Актывісты «Маладога фронту» зладзілі прыборку ў Курапатах. Падчас прыборкі яны прыйшлі на рынак «Экспабел», каб затачыць ланцуг ад бензапілы.

Прадпрымальнік Аляксандр Філімонаў, як сцвярджаецца на старонцы «Маладога фронту», пабачыўшы шаўроны з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам, арганізаваў бойку.

«Прыйшлі на рынак, каб затачыць ланцуг ад бензапілы. Майстар сказаў нам, каб мы хвілінаў 15 пачакалі, таму мы пайшлі ў бліжэйшую кавярню. Па дарозе нейкі ІПэшнік, нешта пракрычэў нам у спіну, але мы нават не звярнулі ўвагі. Але па выхадзе з кавярні на нас накінулася з кулакамі зграя ІПэшнікаў, чалавек сем, завадатарам у якіх быў Аляксандр Філімонаў», – распавёў удзельнік канфлікту Сяргей Пальчэўскі.

Zrzut ekranu 2016-07-18 o 14.30.11

Аляксандр Філімонаў

Паводле яго, маладафронтаўцаў было шэсць, апроч абараняльных блокаў яны не ўжывалі ніякае сілы. Вырашыўшы пазбегнуць правакацыі, прадстаўнікі «Маладога фронту» выклікалі міліцыю.

Прыехаў адзін супрацоўнік міліцыі, які апытаў актывістаў, але так і не падышоў да нападнікаў.

«Малады фронт» заклікае да салідарнасці

У аўторак 19 ліпеня а 12-й гадзіне арганізацыя запрашае незалежныя медыі і ўсіх неабыякавых прыйсці на «Экспабел» да бокса N 30, у якім працуе Аляксандр Філімонаў.

«Мы не збіраемся арганізоўваць з ім і іншымі манкуртамі беларускай зямлі бойку, але хочам задаць простае пытанне «Ці трэба беларусу з Пагоняй толькі пад аховаю прыходзіць на рынак «Экспабэл»? А перадусім мы мусім выявіць перад расейскай пятай калонай нашую салідарнасць, каб кожны манкурт ведаў, што толькі беларусы ёсць гаспадарамі на сваёй беларускай зямлі», – адзначаецца ў заяве «Маладога фронту».

НМ, belsat.eu, паводле Mfront.net, фотаздымак з сацыяльных сетак

Стужка навінаў