На Магілёўшчыне выявілі міліцыянта-махляра


Ад дзеянняў міліцыянта пацярпелі банкі, кажуць праваахоўнікі.

Супрацоўнік Бялыніцкага РАУС уваходзіў у давер да сваіх знаёмых, якіх прасіў узяць на сваё імя крэдыты, абяцаючы своечасова іх пагасіць.

Пры гэтым пры дапамозе іншых асобаў забяспечваў крэдытаатрымальнікаў даведкамі, якія змяшчалі ілжывыя дадзеныя наконт месца іх працы і прыбытках для выдачы крэдытаў на максімальна магчымую суму, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

У выніку пяць камерцыйных банкаў Магілёва выдалі крэдыты на агульную суму больш за 790 млн рублёў.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, здзейсненая ў асабліва буйным памеры).

Некаторыя з крэдытаатрымальнікаў асцерагаюцца, што ўзятыя імі крэдыты не будуць выплачаныя, паведамляюць магілёўскія міліцыянты.

Супрацоўнік, што падазраецца ў махлярстве, быў звольнены з органаў унутраных справаў паводле адмоўных матываў яшчэ да таго, як была распачатая крымінальная справа. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.

Пацярпелымі ў справе прызнаныя банкі.

НМ, belsat.eu, паводле Uvd.mogilev.by

Стужка навінаў