На Магілёўшчыне ваўкі тэрарызуюць фермераў


Ваўкі нападаюць на фермы і забіваюць цялятаў.

За тыдзень адбылося адразу некалькі нападаў. Прадпрыемствы сельскай гаспадаркі непакояцца і заклікаюць прафесійных паляўнічых узяць пад кантроль колькасць папуляцыі драпежнікаў.

У гаспадарцы «Заранскі», што на Слаўгарадшчыне, ахвярай зграі ваўкоў сталі двое цялятаў, а ў гаспадарцы «Урэчанскі» – яшчэ трое. Драпежнікі наведвалі на ферму некалькі начэй запар, пакуль кіраўнікі гаспадаркі не звярнуліся за дапамогай да паляўнічых і тыя не зладзілі засаду.

У той жа час зацікавіць паляўнічых ісці ў лес на ваўка няпроста. За галаву гэтага звера даюць толькі зніжку на паляўнічую пуцёўку, напрыклад, на казулю. Пры гэтым выдаткі значна вышэйшыя за абяцаныя ільготы. Аднак у Слаўгарадскім раёне прызнаюць: калі ўжо ваўкі дабраліся да фермаў, прыйшоў час ставіць паляўнічых у ружжо.

Паводле дырэктара Слаўгарадскай раённай арганізацыі Беларускага грамадства паляўнічых і рыбаловаў Аляксандра Гайчукова, паляўнічыя ведаюць пра набегі драпежнікаў, і збіраюцца зладзіць паляванне. Цяпер такі перыяд, калі ваўкі пачынаюць выводзіць ваўчанятаў навучаць паляванню. Самыя перспектыўныя месцы для трэніровак – фермы, што знаходзяцца побач з лясамі.

НМ, belsat.eu, паводле «АНТ»

Стужка навінаў