На Магілёўшчыне зааралі 1000-гадовыя курганы


Магільнік з васьмі старажытных курганоў заарала сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. Археолагі б’юць трывогу: гэта ўжо не першы выпадак знішчэння гісторыка-культурных каштоўнасцяў, паведамляе АНТ.

Навукоўцы даследавалі толькі два курганы з васьмі, якія знаходзіліся пасярод поля, распавёў загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплінаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту Ігар Марзалюк. Археолагі былі перакананыя, што пра значэнне гэтых пагоркаў ведае кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Дырэктар «Круглянскага райаграпрамтэхзабеспячэння» Андрэй Сычоў сказаў, што калі прадпрыемству яшчэ дзесяць гадоў таму перадаваліся гэтыя землі, пра ахоўную зону ніхто не папярэджваў.

«Я гаспадарнік, юрыдычныя казусы – не мая прэрагатыва. Ні на адным я не ўбачыў ні пліты, ні шыльды. Можа, я не ведаючы… Я выбачаюся перад папярэднімі пакаленнямі», – сказаў спадар Сычоў.

Пасля рэзанансу сярод гісторыкаў і краязнаўцаў, раённыя ўлады паспяшаліся праінфармаваць усіх мясцовых кіраўнікоў прадпрыемстваў, выдаўшы брашуры з апісаннем помнікаў археалогіі і памяткі аб адказнасці за іх разбурэнне.

«Далі пад роспіс гэтыя дакументы, каб кіраўнікі, на тэрыторыі якіх знаходзяцца гэтыя помнікі, афармлялі на іх дакументы згодна з заканадаўствам. Я думаю, гэта першы і апошні выпадак у раёне», – сказала намеснік старшыні Круглянскага райвыканкаму Тамара Аксёнава.

Магілёўскія археолагі ўжо накіравалі ў Міністэрства культуры зварот з патрабаваннем разабрацца з інцыдэнтам знішчэння курганоў і пакараць вінаватых. Навукоўцы хочуць правесці выратавальныя раскопкі, каб паспрабаваць на месцы разбуранага помніка археалогіі знайсці ў зямлі ацалелыя рарытэты.

МЯ, КР, belsat.eu, паводле naviny.by, ont.by, pap.pl

Стужка навінаў