На «Лістападзе» пакажуць фільм «Белсату» пра «Народны альбом»


Стужку Сяргея Будкіна і Яўгена Шапчыца «Ненаўмысны шэдэўр» пакажуць на вялікім экране ўпершыню.

У панядзелак у межах міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» адбудзецца кінапрэм’ера дакументальнага фільму «Народны альбом. Ненаўмысны шэдэўр». Пакуль фільм дэманстраваўся толькі ў эфіры «Белсату» у ноч з 31 снежня на 1 студзеня 2017 году.

Аўтары распавядаюць гісторыю найбольш значнага музычнага праекту ў найноўшай беларускай гісторыі, зробленага сябрамі на чыстым энтузіязме.

«Усе, хто меў дачыненне да «Народнага альбому», пасталелі. Лёс раскідаў іх па розных тусоўках і нават розных краінах. Ды і сяброўства таго ўжо больш няма. Шмат хто з іх сумняецца: а ці варта рэанімаваць тое, што было актуальна напрыканцы 90-х? Некаторыя ж мяркуюць, што гэты праект – па-за часам, і цяпер, назапасіўшы досведу, яны здольныя надаць яму другое дыханне. Хто з іх мае рацыю? Ці змогуць усе сабрацца разам? А калі змогуць – ці здолее новая пастаноўка паўтарыць поспех папярэдняй? Каб адказаць на гэтыя пытанні мы вяртаемся ў той час, калі задумваўся праект, і праходзім з удзельнікамі 20-гадовы шлях ажно да падрыхтоўкі рымейку на сцэне Падляскай оперы ў верасні 2016-га», – кажуць стваральнікі фільму.

Фільм уключаны ў пазаконкурсную праграму дакументальнага кіно.

У межах адзінага паказу ў кінатэатры «Мір» адбудзецца таксама сустрэча са стваральнікамі «Народнага альбому».

Пачатак 6 лістапада а 21.00

ДД

Стужка навінаў