На лецішчы знішчылі сад, бо над ім меўся пралятаць Лукашэнка


Бабруйчанка Вера Масалова вось ужо 25 год мае лецішча ў вёсцы Амельная Рагачоўскага раёну. Асаблівы гонар гаспадыні – сад: тры шэрагі фруктовых дрэў і кустоў – яблыні, грушы, абляпіха, вішня, кусты парэчкі, агрэсту ды інш. Напрыканцы ліпеня 2013 г. гаспадыня на два тыдні паехала на Азоўскае мора, а калі вярнулася на сваё лецішча, замест сада ўбачыла ўзараную зямлю. Справа тая цягнецца і дагэтуль: спадарыня Вера спрабуе дамагчыся справядлівасці.

«Можаце сабе ўявіць, – узрушана кажа Вера Масалова, – мяне суседка прывезла на машыне, узялі з сабой мяхі для фруктаў. Калі пад’ехалі і ўбачылі такое. Я тады падумала, каб нябожчык муж быў жывы, ён бы памёр ад разрыву сэрца, каб такое ўбачыў. Як я перажыла тую ноч сама здзіўляюся як у мяне не здарыўся інсульт».

Апынулася, што за тры дні да вяртання Веры Масаловай з мора, па загаду старшыні Побалаўскага сельсавету Антушэвіч Таццяны сад знішчылі, хаця жанчына, якая на просьбу сп. Масаловай прыглядала за хатай, прасіла старшыню пачакаць некалькі дзён да вяртання гаспадыні.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Афіцыйнай прычынай для зносу саду, як паведаміла Масаловай старшыня сельсавету сп. Антушэвіч, – горы смецця на тэрыторыі сада і занядбаны стан. Апроч таго, над садам павінны быў пралятаць самалёт Лукашэнкі, які скіроўваўся на Дажынкі ў Жлобін, у сувязі з гэтым яна знесла сад каб не засмучаць кіраўніка.

На думку сп.Масаловай сапраўдны матыў зносу сада – асабістая помста старшыні сельсавету.

Асабістая помста ці «добраўпарадкаванне»?

«У мяне з Таццянай  Антушэвіч была канфліктная сітуацыя ў 2008 г. – распавядае сп.Вера. – Яна накрычала на мужа за нейкае смецце. Я напісала заяву ў міліцыю, што нейкая жанчына мужа ледзьве да труны не давяла, ён – інвалід 2-й групы, яму хвалявацца нельга. Яго ўсяго трэсла пасля той размовы. Міліцыя мне паведаміла, што тая жанчына была старшынёю Побалаўскага сельсавету Антушэвіч Таццяна, з ёй, нібыта, паразмаўлялі. Больш яна мяне не чапала. І ні я, ні муж яе не бачылі, але жанчына, відавочна, помслівая апынулася».

Ачуняўшы ад стрэсу Вера Масалова пачала звяртацца са скаргамі і пісаць заявы ў Рагачоўскі РАУС аб узбуджэнні супраць старшыні сельсавету крымінальнай справы. Быў пісьмовы зварот ў Рагачоўскі райвыканкам, дзе бабруйчанцы параілі звяртацца ў суд. Звярталася Вера Масалова ў Рагачоўскую, Гомельскую, а таксама Генеральную пракуратуру.

Год таму Рагачоўскі РАУС адмовіў сп. Масаловай узбуджаць крымінальную справу супраць старшыні сельсавету, бо міліцыянты не ўбачылі ў дзеяннях апошняй «прамой задумы на здзяйсненні шкоды Масаловай, а выключна неабходнасць у тэрміновым парадку выканаць рэспубліканскія мерапрыемствы, якія тычацца добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, што выключае ў яе дзеяннях склад злачынства, які прадугледжаны арт.424 УК РБ» – пазначана ў матэрыялах праверкі Рагачоўскім РАУС.

«Міліцыя стаіць мурам на абароне старшыні – абураецца сп.Масалова. – Цяпер у нас гульня такая. Я пішу, яны мне адпіску, я пішу і зноў адпіска. Цалкам апраўдваюць дзеянне старшыні Антушэвіч, ня хочуць узбуджаць крымінальную справу, бо не могуць зрабіць ацэнку сада».

Вера Масалова дамагаецца выплаты ёй кампенсацыі 40 млн рублёў за знесены сад. Засталася апошняя інстанцыя куды грамадзянка можа звярнуцца – суд. Але і да яго ў сп.Масаловай вельмі скептычнае стаўленне. « Мяркуючы па таму як да мяне ставіцца Рагачоўская міліцыя і пракуратура – са скрухаю кажа сп.Вера, – такое ж будзе стаўленне і суддзі. Мне сплацяць 5 млн. рублёў шкоды і скажуць, што яшчэ багата далі».

Ці спраўдзяцца песімістычныя прагнозы Веры Масаловай на вырашэнне гэтай сітуацыі ў судзе, пакажа час. А мы, у сваю чаргу, паінфармуем нашых чытачоў пра заканчэнне гэтай справы.

Ларыса Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў