На курсах «Мова нанова» па ўсёй Беларусі запісваюць віншавальны ролік для Святланы Алексіевіч


Удзельнікі курсаў беларускай мовы «Мова нанова» з усёй Беларусі гэтымі днямі запісваюць віншавальны ролік Нобэлеўскаму лаўрэату па літаратуры Святлане Алексіевіч. Курсы праходзяць у Менску, абласных гарадах, некаторых райцэнтрах і за мяжой.

У прыватнасці, у Гомлі 6 лістапада ў запісу відэа ўдзельнічалі каля 40 чалавек, паведаміў БелаПАН вядоўца курсаў «Мова нанова» у Гомлі Мікалай Бянько.

«Мы робім гэта, таму што хочам паказаць, што для беларускага народа гэта вельмі важна, гэта вялікае дасягненне, мы паважаем Святлану Алексіевіч і, думаю, наступяць часы, калі па галоўных тэлеканалах будуць паказваць ролікі, паўнавартасныя фільмы, будуць запрашаць у прайм-тайм людзей, якія славяць Беларусь. А пакуль мы робім тое, што можам зрабіць. Паказваем, што ў Беларусі ёсць вельмі шмат людзей, якія цікавяцца творчасцю Алексіевіч, паважаюць яе і падтрымліваюць», – адзначыў Мікалай Бянько.

Відэа абяцаюць змантаваць у адзіны ролік да моманту ўручэння прэміі Святлане Алексіевіч у Стакгольме.

Святлана Алексіевіч ужо ў Стакгольме, дзе 6 снежня дала прэс-канферэнцыю ў Шведскай акадэміі, сёння а 19:30 адбудзецца ейная лекцыя, 10 снежня – цырымонія ўручэння Нобэлеўскай прэміі.

Чытайце таксама >>> Святлана Алексіевіч адказала на пытанні журналістаў у Стакгольме

«Белсат» – адзіны беларускі канал, які пакажа ўручэнне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары