На кожную вакансію на Берасцейшчыне – тры беспрацоўных


У Берасцейскай вобласці зарэгістравана больш за 6 тысячаў беспрацоўных. Гэта ўтрая больш, чым вакансіяў на прадпрыемствах.

З пачатку года арганізацыі Берасцейскай вобласці звольнілі 2108 працаўнікоў, а прынялі на працу – 1107.

Старшыня Берасцейскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай адзначае, што ў рэгіёне акрэслілася тэндэнцыя пагаршэння сітуацыі на рынку працы.

За апошнія пяць гадоў юрысты абласнога аб’яднання і галіновых абкомаў прафсаюзаў больш за 50 разоў абаранялі правы працаўнікоў у судах.

«Канешне, мы заўжды стараемся не даводзіць справу да суда. Спачатку звяртаемся да наймальніка з прапановай не парушаць правы сяброў прафсаюзу, тлумачачы юрыдычныя наступствы, а калі ўжо яны парушаныя, прапануем аднавіць», – кажа Мікалай Басалай.

Таксама старшыня аб’яднання прафсаюзаў звяртае ўвагу на тое, што на Берасцейшчыне расце няпоўная занятасць. У 2010-2013 гадах так працавалі каля 6 % сярэднемесячнай колькасці працаўнікоў, у 2014-м – 9,2 %.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў