На колькі ў Беларусі вырастуць кошты? Меркаванне эканаміста


Усе кошты на велічыню дэвальвацыі, якая складае 26 %, не вырастуць, але на столькі маюць вырасці цэны ў рублях на імпартныя тавары, прагназуе фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Тыя тавары, для якіх патрэбная імпартная сыравіна ці імпартныя камплектавальнікі, падаражэюць на пэўную частку ад велічыні дэвальвацыі, якая адбылася, мяркуе адмысловец. «Агулам кошты вырастуць. Пры росце курсу долара на 26% цэны могуць вырасці на 10 %. Бліжэйшым часам мы можам спаткацца з такім ростам коштаў», – заўважыў эканаміст.

У той сітуацыі, якая склалася ў другой палове снежня ў эканоміцы Беларусі, дэвальвацыя была непазбежная, але механізм рэагавання ўладаў выглядае даволі дзіўна, канстатаваў спадар Іосуб. «Аптымальна ў той сітуацыі было б правесці аднаразовую дэвальвацыю. Увядзенне камісіі (на куплю валюты – belsat.eu), а пазней яе паступовая адмена ніякіх дадатковых плюсаў не прынесла, але стварыла дадатковыя праблемы ў выглядзе множнасці курсаў, адраджэння чорнага рынку. Ніякіх плюсаў у тым, што дэвальвацыю зрабілі ў выглядзе трох хадоў, я не бачу», – адзначыў фінансавы аналітык.

Ёсць версія, падкрэсліў спецыяліст, што ўрад спрабаваў гэтак зрабіць дэвальвацыю, называючы яе «адменай камісіі».

На Беларускай валютна-фондавай біржы 8-га студзеня долар падаражэў на 960 рублёў – курс склаў Br 13.760. Урад Беларусі 6-га студзеня адмяніў збор на набыццё замежнай валюты на біржы. Мяркуецца, што 9-га студзеня падатак будзе адменены для грамадзянаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў