На кіраўніка ФК «Граніт» складзены адміністратыўны пратакол за ігнараванне беларускай мовы


Старшыня савету ФК Марына Быстрая адкрыта ігнаравала беларускую мову і заканадаўства аб зваротах грамадзянаў.

Каардынатар грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак атрымаў адказ з Лунінецкага раённага выканаўчага камітэту, што на чыноўніцу заведзены адміністратыўны пратакол па артыкуле 9.13 (парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, справа перададзена ў суд).

«Усё пачалося з таго, што напачатку футбольнага сезона я звярнуўся да ўсіх футбольных клубаў беларускай вышэйшай лігі з прапановай больш шырока ўжываць беларускую мову ў сваёй дзейнасці», – кажа Ігар Случак.

«З мінулых гадоў ведаю, што гэтыя прапановы сапраўды дзейсныя і шмат якія клубы ўжо даволі добра ўжываюць беларускую мову. Але ёсць і іншая праблема – не ўсе клубы адказваюць на звароты, у тым ліку і ФК «Граніт». Разоў пяць я да яго звяртаўся, але адказу так і не атрымаў, таму вырашыў звярнуцца ў Мікашэвіцкі гарвыканкам з прапановаю прыцягнуць адказных за працу са зваротамі грамадзянаў супрацоўнікаў клубу да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб зваротах – гэта было б і добрым прыкладам для іншых клубаў і ўстановаў, што не адказваюць. Мікашэвіцкі гарвыканкам спачатку склаў пратакол, нават накіроўваў яго ў суд, але пасля па надуманых прычынах усё ж спыніў справу».

Тым часам ФК «Граніт» усё ж даў адказ на зварот. У ім Марына Быстрая піша: «Што тычыцца выкарыстоўвання беларускай мовы ў відэа трансляцыі, на форме гульцоў, афіцыйным сайце і ў астатняй дзейнасці, то наш клуб будзе выкарыстоўваць пакуль расейскую», – адказала старшыня Ігару Случаку.

«Мне адказалі па-руску. Я прапанаваў даць адказ па-беларуску, але атрымаў адмову. Таму нічога не заставалася рабіць, як зноў звярнуцца ў выканкам з прапановаю прыцягнуць прадстаўнікоў ФК «Граніт» да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб зваротах – адказ на зварот не на мове звароту. Праз некаторы час я атрымаў паведамленне, што пратакол складзены і накіраваны ў суд. Спадзяюся, гэты працэс будзе мець такі ж прывентыўны эфект як і ў выпадку прыцягнення да адказнасці жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых, які абразіў беларускую мову. У выпадку з ФК Граніт ніхто беларускую мову наўпрост не абражаў, але прынцыпова былі парушаныя заканадаўчыя гарантыі беларускамоўных беларусаў на беларускую мову. Спадзяюся, цяпер падобных выпадкаў больш не будзе», – кажа Ігар Случак.

Нагадаем, што ў верасні гэтага году ўпершыню, пачынаючы з 1999 года, у Беларусі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін, які абражаў родную мову, чым парушыў артыкул 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб мовах).

Пакарання для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых, які ў інтэрнэце неаднаразова зняважліва выказваўся пра беларускую мову, дамогся Ігар Случак.

28 верасня мусіў адбыцца разгляд справы дырэктара запраўкі «United Company» пад Стоўбцамі Віталя Кулака, але ён не адбыўся.

Скаргу на бізнесоўца напісаў журналіст Глеб Лабадзенка, які патрабаваў выключыць працаўнікоў запраўкі канал «Россия-24», яны гэта зрабіць адмовіліся, бо загад трансляваць расейскі канал ім даў дырэктар запраўкі.

Пазней высветлілася, што ў Беларусі канал «Россия-24» трансляваць увогуле нельга, бо яго няма сярод 209 замежных каналаў, дазволеных для распаўсюду на тэрыторыі краіны. У адносінах да дырэктара запраўкі Віталя Кулака склалі адміністрацыйны пратакол па другой частцы артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» і накіравалі ў суд Стаўбцоўскага раёну для разгляду.

Віталю Кулаку пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 420 рублёў да 1050 рублёў).

CA, belsat.eu

Стужка навінаў